Ахвяры па разнарадцы
3 усіх афіцыйна прызнаных удзельнікаў партызанскага руху на Барысаўшчыне і гэтак званага Барысаўскага “партыйна-патрыятычнага” падполля асоба Івана Апанасавіча Яраша, на мой погляд, з’яўляецца адначасова і самай трагічнай, і самай загадкавай...
Мяркуйце самі: пры ўсёй безлічы газетных артыкулаў аб ім і асобных успамінаў, наяўнасці падрабязнейшай аўтабіяграфіі ў фондах БДАМ ніхто да цяперашняга часу не ведае аб ім усёй праўды таму, што на самой справе ў архівах нашай краіны дакументаў аб яго ўдзеле ў руху Супраціўлення нямецкай акупацыі не знойдзена. Няма там таксама і ніякіх звестак аб абставінах яго гібелі. Яшчэ ў 1964 годзе ў рэдакцыю газеты "Мінская праўда" на запыт Г.Ерусалімчык з былога партархіва, які знаходзіўся тады пры ЦК КПБ, прыйшоў наступны адказ: "Паведамляем, што Яраш Іван Апанасавіч, 1897 года нараджэння, член КПСС, лічыцца ў спісе групы, накіраванай у Крупскі раён, Менскай вобласці 8 ліпеня 1941 года. Ва ўліковай партызанскай картачцы на Яраш указана, што ён загінуў у сакавіку 1942 года. Іншых даных на яго ў матэрыялах партархіва не знойдзена." Нам. дырэктара IГП пры ЦК КП Беларусі С.Пачанін.
А вось яшчэ адзін дакумент, атрыманы ўжо Барысаўскім краязнаўчым музеем у 1968 годзе з таго ж партархіва: "Паведамляем, што рашэннем Менскага абкама партыі ад 15 красавіка 1966 года прызнана дзейнасць партыйнага падполля г.Барысава з ліпеня 1941 года па чэрвень 1944 года. Па наяўных матэрыялах найбольш актыўны ўдзел у рабоце Барысаўскага падполля прыймаў Яраш Іван Апанасавіч, 1897 года нараджэння, з ліпеня 1941 года з’яўляўся першым арганізатарам і кіраўніком падполля, Яраш I.А. ў лютым 1942 года загінуў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля вёскі Пупелічы Барысаўскага раёна.” Загадчыца сектара партархіва IГП пры ЦК КПБ В.Давыдава. Калі мы ўважліва азнаёмімся з абодвума гэтымі паведамленнямі, то заўважым, што яны мала адрозніваюцца адно ад другога. Тым не менш, прачытаўшы першае, можна даведацца, што да 1964 года, гэта значыць цэлых 20 гадоў! з моманту вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў, супрацоўнікі партархіва нічога пра Яраша знайсці не маглі?.. Але як толькі ў 1966 годзе была “прызнана дзейнасць партыйнага падполля г.Барысава” адразу ж, (немаведама адкуль), з’явіліся (у дастатковай колькасці?!) і матэрыялы аб Ярашу. Хацелася б спадзявацца, што гэта былі, у першую чаргу, дакументы. Але... Давялося і мне асабіста яшчэ ў пачатку 90-х гадоў шукаць у Нацыянальным архіве РБ гэтыя віртуальныя матэрыялы, аб якіх ідзе гаворка ў паведамленні В. Давыдавай. Я добрасумленна прагледзеў усе архіўныя справы (фонда 3500), якія датычацца Барысаўскага падполля і партызанскага руху на Барысаўшчыне. Напрыклад, вопіс № 6 “адаслаў” мяне да справы нумар 262, дзе я спадзяваўся знайсці ўспаміны (чамусьці невядомага мне ў дачыненні да Барысаўскага падполля і партызанскага руху?!) “фігуранта” справы нейкага Растаргуева і добра знаёмага з розных крыніц былога камісара атрада № 28 Хадаркевіча А.Г. На лісце № 44 я знайшоў толькі адзін запіс “Яраш забіты немцамі...” I больш нічога, ніякіх успамінаў ці падрабязнасцей, дат, прозвішчаў і г. д., акрамя ўзгаданых у вопісе, Растаргуева і Хадаркевіча.
3 іншымі справамі мне пашанцавала яшчэ менш. Напрыклад, у справе нумар 296, на лісце 36-м я спадзяваўся знайсці, як указана ў вопісе № 6, успаміны Акуліча і Гафштэйна – баявых сяброў Яраша (прычым, Гафштэйн быў з Іванам Апанасавічам ледьве не да апошніх хвілін яго жыцця?!). 3 горыччу прыйшлося канстатаваць: указальнік літаратуры былога партархіва хлусіць, ніякіх успамінаў па гэтаму “адрасу” няма і ў паміне. Той жа вынік чакаў мяне і пры знаёмстве з вопісам № 4, і справамі №№ 137 і 138, дзе, калі верыць указальніку літаратуры, павінны былі быць успаміны Капшая М. і Марковіча М.А. Зараз, на жаль, трэба згадзіцца з тым, што ні дакументаў, ні іншых матэрыялаў ці ўспамінаў былых удзельнікаў Барысаўскага падполля ў Нацыянальным архіве няма. Можна толькі здагадвацца аб тым, што калі яны і існавалі на самой справе, то ў свой час, хутчэй за ўсе, былі выключаны з ужывання органамі КДБ. Прычына гэтага тады магла быць толькі адна: афіцыяльныя дакументы і ўспаміны ўдзельнікаў Барысаўскага падполля ў канцы 60-х гадоў, калі стваралася легенда аб шырокім партыйна-патрыятычным руху Супраціўлення нямецкай акупацыі ў Беларусі, сведчылі не на карысць камуністычнай ідэалогіі і асобных яе носьбітаў. Таму матэрыялы такога кшталту як былі, так і засталіся да нашага часу недаступнымі для большасці навукоўцаў і даследчыкаў.
Як не парадаксальна гэта гучыць, але адсутнасць у Нацыянальным архіве ўспамінаў, якія датычацца Яраша I. А., удзельнікаў і сведак тых падзей, што адбываліся на барысаўскай зямлі больш чым 60 гадоў таму назад, зараз аб’ектыўна “працуе” на карысць ісціны, а таксама на мяне, як чалавека так ці інакш зацікаўленага ў канчатковых выніках свайго “расследавання”, першым закрануўшага, напрыклад, такую “далікатную” ў нашых умовах тэму: быў ці не быў падпольшчыкам на самой справе былы першы сакратар райкама партыі, афіцыйна прызнаны яшчэ ў 1966 годзе “ўдзельнікам Барысаўскага падполля”?! I вось чаму: таму, што такія ўспаміны ёсць у Барысаўскім музеі... 3 імі я маю намер некалькі ніжэй пазнаёміць і маіх чытачоў.
Але спачатку звернемся да “тэарэтычнай спадчыны” маіх уяўных апанентаў. Перада мной пажоўклы ад часу 119 нумар газеты “Мінская праўда” ад 22 чэрвеня 1966 года. На другой старонцы яе размешчаны артыкул, падпісаны прозвішчамі ўласнага карэспандэнта С.Грабоўскага і супрацоўніка архіва Менскага абкама партыі Я.Гапеева з інтрыгуючай назвай “Першыя –камуністы”. У гэтым артыкуле аўтары расказваюць аб сустрэчы былога дырэктара саўгаса “Стара-Барысаў”, члена даваеннага склада Барысаўскага райкама КП(б)Б Крыуша Трафіма Навумавіча з I.А.Ярашам у лесе ля вёскі Дубяні Барысаўскага раёна ў канцы першай дэкады ліпеня 1941 года. Усе гэта было б вельмі добра, калі б не адна абставіна: Яраш I.А. у гэты час знаходзіўся зусім у іншым месцы. Самае ж, бадай, галоўнае заключаецца ў тым, што я магу, спасылаючыся на ўспаміны былога (фактычнага!) намесніка камандзіра атрада № 28 Акуліча Канстанціна Іванавіча, пацвердзіць гэта. Але прадоўжым расказ пра “сустрэчы” Яраша. Наступная сустрэча паміж Крыушам Т. Н. і яго сябрамі – падпольшчыкамі Качаном В. А. і Жураўкіным, з аднаго боку, і Ярашам I. А., з другога, як быццам, адбылася позняй восенню 1941 года каля вескі Пупелічы... Аб гэтым зноў пішуць у артыкуле “Подзвігаў не злічыць” Грабоўскі і Гапееў, (“Мінская праўда” ад 3 ліпеня 1966 года). Як сведчыць Акуліч К. I., гэтай сустрэчы ніколі не было таму, што Яраш I. А. разам з астатнімі партызанамі пакінуў раён вёскі Пупелічы яшчэ ў пачатку верасня 1941 года і да канца лістапада таго ж года знаходзіўся ў наваколлях Лукамскага возера (пераважна ва ўрочышчы “Ласінае”), К ранейшаму месцу стаянкі атрада № 28 ён ні разу за гэты час не вяртаўся, бо гэта было вельмі небяспечна – нямецкія акупанты ўжо пасля першых дыверсій “ярашаўцаў” у тым раёне наладзілі супраць іх некалькі карных экспедыцый і ў далейшым пільна кантралявалі раён вёскі Пупелічы, дзе была першая база партызанскага атрада. (3 рэшткамі атрада Яраш вярнуўся сюды, наперакор логіцы развіцця падзей, толькі ў пачатку снежня 1941 года. Пагэтаму і загінуў...). Легенду пра “сустрэчы” Яраша з Крыушам завяршаюць 1 ліпеня 1969 года ў 127-м нумары “Мінскай праўды” ўжо С.Грабоўскі і П.Журба, бо Я. Гапееў своечасова сыйшоў з гэтай “марафонскай” дыстанцыі. Яны расказваюць, нарэшце, аб трэцяй па ліку (але “другой” па парадку) сустрэчы ўжо вядомых нам герояў, якая адбылася, калі верыць ім, “у канцы ліпеня сорак першага года ў доме У.А.Качана”. Менавіта на гэтай “гістарычнай” нарадзе, паводле Грабоўскага і Журбы, “сакратар падпольнага райкама паставіў перад камуністамі задачу арганізаваць шырокае падполле ў горадзе...” Але бальшавіцкія “летапісцы” і тут гавораць заведамую няпраўду – такой сустрэчы таксама ніколі не было (доказы я прывяду ніжэй). Працягваем агляд крыніц, якія “сведчаць” пра Яраша I.А., як пра арганізатара Барысаўскага падполля. Перада мной успаміны былога ўдзельніка гэтага падполля Прырыза М.I., напісаныя, безумоўна, толькі тады, калі яны спатрэбіліся партыі, г. зн. напрыканцы 60-х ці на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя? Можна было б не звяртаць увагі на гэтыя “ўспаміны”, калі б не відавочная абсурднасць фактаў, якія ў іх прыводзяцца паважаным “падпольшчыкам”. Так, напрыклад, ён піша: “10 ліпеня 1941 г. у кватэры Замбржыцкага Б. прысутнічалі Парабковіч П.Ф., Яшчанка, Кандрацьеў Ю., Далгалаў, Лазоўскі, Прырыз, дзе прысутнічаў першы сакратар тав. Яраш Н., які выступіў з прамовай...” (пунктуацыя і арфаграфія аўтара мной захаваны – В. Р.) Калі мы звернемся крыху назад да “першай” сустрэчы Яраша з Крыушам, то ўбачым, што яна адбылася ледзьве не ў адзін дзень з той сустрэчай, пра якую гаворыць у сваіх “успамінах” Прырыз. Толькі паводле гэтых “баек” пра вайну, з Крыушам Яраш сустрэўся ў лесе, а з Прырызам і Ко у горадзе? Згодна з успамінамі (фактычнага!) намесніка камандзіра атрада № 28 Акуліча К.I. 10 ліпеня 1941 года іх група, утвораная паводле загада сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі П.К. 6-7 ліпеня 1941 года ў г. п. Лёзна, знаходзілася прыкладна ў 10-15 кіламетрах ад населенага пункта Смаляны Аршанскага раёна і Яраш фізічна не мог быць у гэты час ні ў Барысаве, ні нават пад Барысавам.
У сваіх “успамінах” Прырыз расказвае яшчэ аб дзвюх яго сустрэчах з Ярашам у той жа кватэры. Яны (адбыліся?) адпаведна: першая “прыкладна 20 ці 25 ліпеня 1941 года” і другая – “у першых днях жніўня”. Факт гэтых дзвюх “сустрэч” асабіста мне здаецца сумніўным таму, што на самой справе не было першай сустрэчы Яраша з Прырызам “у кватэры Замбржыцкага Б.”, з якой лагічна павінны былі “выцякаць” і дзве “наступныя” сустрэчы. А не было “першай”, значыць, хутчэй за ўсе, не было і дзвюх другіх сустрэч. (Дарэчы, Акуліч К.I. у сваіх успамінах катэгарычна сцвярджае, што ні 10, ні 20, ці 25 ліпеня, а таксама ў пачатку жніўня 1941 года Яраша I. А. ў горадзе Барысаве не было).
Наогул, успаміны такіх, з дазволу сказаць, “падпольшчыкаў”, як Прырыз, нельга друкаваць абсалютна асобна ад іншых матэрыялаў аб Барысаўскім падполлі таму, што ў іх зроблена спроба “прымазацца” да славы сапраўдных барацьбітоў супраць нямецкай акупацыі, якія многае памятаюць з тых суровых дзён.
Напрыклад, былы падпольшчык, а потым і партызан атрада імя Чапаева п/б “Дзядзькі Колі” Барауля Іван Нікіфаравіч катэгарычна адмаўляе які-небудзь удзел Прырыза ў падполлі г.Барысава. Наадварот, у сваіх успамінах ён сцвярджае, што іх камсамольска-маладзёжная група яшчэ ў 1941 годзе за актыўнае супрацоўніцтва Прырыза з акупантамі “прыгаварыла” яго да смерці і вяла (у гэтай сувязі) актыўнае паляванне за ім. Ведаючы аб гэтым, Прырыз у сярэдзіне 1942 года “схаваўся” ад іх помсты ў Барысаўскай турме, дзе і працаваў да сваіх уцёкаў у лес больш года як быццам надзіральнікам. Пасля вайны, у канцы 60-х гадоў, калі яму спатрэбілася даведка аб удзеле ў Барысаўскім падполлі, Прырыз прыходзіў да Бараулі дамоў і прасіў пацвердзіць яго ўдзел у Барысаўскім супраціўленні. Але Іван Нікіфаравіч, ведаючы, як гэты чалавек у кампаніі такіх жа прыстасаванцаў “жыраваў” у акупіраваным немцамі горадзе, выгнаў яго са свайго дома вон і нават не стаў размаўляць з ім. Іван Нікіфаравіч заўсёды памятаў, што Прырыз – гэта былы злодзей-крымінальнік, якога з часовай папраўча-працоўнай калоніі пад Міханавічамі на самой справе вызваліла нямецкая армія (варожая авіяцыя разбамбіла аэрадром ля вёскі Міханавічы, у будаўніцтве якога ўдзельнічаў і асуджаны на два гады за крадзёж бензіну Прырыз, дзякуючы чаму ўсе “зэкі” разбегліся хто куды).
Па гэтаму, па логіцы падзей, Прырыз не мог быць няўдзячным за такую паслугу сваім новым гаспадарам, немцам... I хаця ён спрабуе на старонках сваіх “успамінаў” схаваць сваю асабістую зацікаўленасць у супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі горада Барысава, гэта ўсё роўна бачна і пацвярджаецца яго шматлікімі “шчырасцямі” на старонках гэтай “працы”. Калі б гэтыя, з дазволу сказаць, “успаміны” з’явіліся адразу ж пасля вайны і папалі ў рукі следчых органаў НКУС, я ўпэўнены, што лепшыя свае гады “падпольшчык” Прырыз правеў бы не працуючы на курорце санаторыя “Моршын” у Прыкарпацці, а, у лепшым выпадку, на Калыме...
Такім чынам, мы ўжо маем у нашым “актыве” шэсць “сустрэч” Івана Афанасьевіча Яраша з падпольшчыкамі Барысаўшчыны, якіх не было: з іх чатыры толькі ў ліпені, адна ў “першых днях жніўня” і яшчэ адна позняй восенню, калі “імжыў халодны дождж”. Віктар Рыгоравіч Пашкевіч – былы “кіраўнік” гэтак званага “піянерскага” падполля г.Барысава, значна пашырае нашы магчымасці ў сэнсе знаёмства нас з ваеннай біяграфіяй былога першага сакратара райкама Яраша I.А.
У сваёй “дакументальнай” аповесці “Над ракой Бярозай”, (выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Менск, 1974 год), ён паведамляе аб яшчэ, як мінімум, дзвюх сустрэчах, сведкам якіх ён сам, як быццам, быў?!. Гаворка ідзе аб сустрэчах Яраша I.А. з... вотчымам Пашкевіча Арловым Леанідам Васільевічам, які паводле агульнага спіска, “легалізаванага” гаркамам партыі ў 1966 годзе, тады ж таксама прызнаны ўдзельнікам Барысаўскага “партыйна-патрыятычнага” падполля. Адна з сустрэч адбылася, паводле кнігі Пашкевіча В. Р., у вёсцы Вяляцічы, у доме камуніста Каспяровіча “ліпеньскім ранкам” 1941 года, а другая прыкладна ў канцы жніўня таго ж года.
Знаёмячыся з фактамі, якія маюцца ў маім распараджэнні, я прыйшоў да высновы, што першая сустрэча паміж Ярашам і Арловым магла адбыцца толькі 1 ліпеня 1941 года і толькі ў тым выпадку, калі б ён адступаў з Барысава па шашы ў бок Масквы. Акуліч К. I. сцвярджае, што Яраш I. А. разам з ім і членамі Барысаўскага райвыканкама пакінуў старую частку горада ў першай палове гэтага дня, выехаўшы на “палутарцы” ў бок вёскі Жыцькава і ў Вяляцічы не заязджаў, назад у Барысаў таксама не вяртаўся. На Барысаўшчыне Яраш з’явіўся зноў толькі “ў другой палове ліпеня” 41-га года ў саставе групы № 28, якую амаль бяззбройную адправіў фактычна на смерць з Лёзна ў Крупскі раён Герой Савецкага Саюза Панамарэнка П.К.
Тэарэтычна сустрэцца з Арловым у канцы жніўня 41-га Яраш мог, але ці мела гэта сэнс, калі не было сустрэчы ў ліпені, на якой яны, паводле Віктара Рыгоравіча, дасягнулі папярэдніх дамоўленасцей? Акрамя таго, у мяне ёсць сур’ёзныя сумненні ў тым, што Арлоў наогул быў камуністам?.. Мне дакладна вядома, што ў 1940 годзе былы загадчык склада раённай канторы па нарыхтоўцы зярна Арлоў быў толькі кандыдатам у члены ВКП(б)Б.
Хутка на збожжавым складзе, якім загадваў Леанід Васільевіч, рэвізіяй была выяўлена вялікая недастача збожжа. Матэрыялы гэтай праверкі кантрольна-рэвізійных органаў былі перададзены ў пракуратуру, следства ў якой па справе Арлова веў ужо добра нам вядомы Акуліч Канстанцін Іванавіч. Ён і расказаў мне ўсе падрабязнасці гэтай крымінальнай справы, падкрэсліўшы, што ў суд абвінавачаныя ў злачынствах члены і кандыдаты ў члены партыі тады пападалі ўжо беспартыйнымі, тым больш, што Арлоў быў адразу ж пасля прад’яўлення яму абвінавачвання арыштаваны. Вясной 1941 года пачаўся суд над Арловым Л.В. і іншымі яго “падзельнікамі”, абвінавачанымі па гэтай справе. Судзіла іх, па збегу акалічнасцей, жонка Акуліча К.I., якая тады працавала народным суддзей Барысаўскага раёна. Арлову асабіста прад’явілі абвінавачванне ў злоўжыванні службовым становішчам і буйной растраце і вынеслі прыгавор: некалькі гадоў?!.. пазбаўлення волі. Але ў хуткім часе крымінальная справа Арлова была перададзена ў суд вышэйшай інстанцыі. Прычынай гэтага паслужылі, як я думаю, працэсуальныя памылкі і парушэнні, дапушчаныя ў час следства і суда, бо жонка следчага Акуліча не мела права судзіць Арлова... (Увесь гэты час Арлоў знаходзіўся ў турме). Адбыцца новаму працэсу над Арловым перашкодзіла вайна, якая пачалася 22 чэрвеня 1941 года, што, зразумела, было на карысць падсудзімаму, бо “мяккіх” прыгавораў у “самага гуманнага ў свеце” савецкага правасуддзя тады не было. Арлову, у прыватнасці, “свяціла” не менш 10-15 гадоў пазбаўлення волі. Мне здаецца дзіўным тое, што выключаны з партыі, падазраваемы ва ўчыненні сур’ёзнага злачынства, ад адказнасці за якое яго выратавала толькі вайна (дакладней, немцы!), былы кандыдат у члены ВКП(б)Б Арлоў, толькі што вызвалены з турмы НКУС, ужо ў першыя дні акупацыі Барысава і раёна немцамі, чамусьці спрабуе шукаць сувязей з 1-м сакратаром райкама Ярашам?.. Але ж ці захацеў бы ў тых умовах мець справу з ім сам Яраш? Абставіны таго перадваеннага часу, калі ўсюды ў краіне лютавалі органы НКУС і нельга было давяраць нават сябрам, якія часта аказваліся здраднікамі, а таксама ваеннага перыяду, калі ўсе людзі былі ў першыя ж дні акупацыі літаральна паралізаваны страхам перад немцамі і асцерагаліся нават суседзяў, падказваюць мне адзіна правільны адказ: не, не захацеў бы! Бо гэта было смяротна небяспечна для любога партыйнага функцыянера рангу Яраша! Вось чаму сустрэч паміж Арловым і Ярашам ніколі не было. Скажу больш: ні Яраш, ні Арлоў нават ніколі не былі знаёмы... I вось чаму: Яраш узначаліў партыйную арганізацыю Барысаўскага раёна толькі ў канцы верасня 1940 года, фактычна тады, калі Арлоў ужо быў адхілены ад пасады загадчыка склада, выключаны з партыі і сядзеў у турме. Наогул, я лічу хлуснёй усе тое, што напісаў у кнізе “Над ракой Бярозай” Пашкевіч В.Р. аб адносінах Арлова і Яраша ў пачатку вайны. 3 дапамогай фактаў, якія ёсць, я гэтую хлусню катэгарычна абвяргаю. Гатовы да друку каментарый да кнігі паважанага аўтара я назваў “Права на вымысел...” На мой погляд, уся кніга шаноўнага грамадзяніна г. Барысава, доктара гістарычных навук Пашкевіча В.Р. – гэта адна суцэльная дэзінфармацыя...
Перш чым перайсці да ўспамінаў Акуліча Канстанціна Іванавіча, непасрэднага ўдзельніка і сведкі падзей таго далекага мінулага, прывяду яшчэ адзін архіўны дакумент. Ён датычыцца непасрэдна самаго Акуліча К. І. Гэта ні што іншае, як “архіўная даведка”: “Акуліч Канстанцін Іванавіч, 1912 года нараджэння, 8 ліпеня 1941 года ЦК КП(б)Б, у складзе спецгрупы Яраша І.А. быў накіраваны на часова акупіраваную нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыю Крупскага раёна Менскай вобласці для выканання спецзадання. З 8 ліпеня 1941 года ён з’яўляўся членам Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б той жа вобласці, адначасова з ліпеня 1941 года па лістапад 1941 года прымаў удзел у дзейнасці Барысаўскага партыйнага падполля. Звестак аб займаемай пасадзе намесніка камандзіра спецгрупы не выяўлена. Архіўная даведка складзена па матэрыялах партархіва”. Подпіс нам. дырэктара І. Г. П. пры ЦК КПБ па партархіву С.С. Пачанін. “Даведка” заверана старшынёй нарсуда г.Барысава А.А.Кулінковіч.
Яшчэ гадоў 10 таму назад, калі я ўшчыльную пачаў займацца “партызанскай” тэмай, мне давялося пазнаёміцца з Акулічам К.І. Тады ж, з яго слоў, я запісаў і яго ўспаміны пра Яраша І.А., яго баявых сяброў, спецгрупу нумар 28 і яе разгром немцамі. Расказ Акуліча К.І. пра гэта я, па магчымасці, зафіксаваў у строгай храналагічнай паслядоўнасці, бо ўжо ў самай першай публікацыі на гэтую тэму, датаванай 1963-м годам, ім была дапушчана істотная памылка, якая датычыцца даты пераходу групай № 28 лініі фронту. Але, нягледзячы на гэта, тое, што напісаў некалі Акуліч аб партызанскім атрадзе Яраша і аб спробах яго членаў наладзіць сувязі з барысаўскімі камуністамі ў акупіраваным немцамі горадзе, да нашага часу з’яўляецца бадай што адзінай крыніцай, калі не лічыць агульныя звесткі Нацыянальнага архіва аб Ярашу, дзякуючы якой мы з вамі ведаем, што Іван Афанасьевіч сапраўды стаяў ля вытокаў партызанскай барацьбы супраць акупантаў у Барысаўскім, Халопеніцкім і Крупскім раёнах. І некаторыя недакладнасці і перабольшванні, дапушчаныя ў сваіх успамінах былым партызанам Акулічам, можна растлумачыць усяго адной яго фразай: “тады быў такі час...” Прапаную ўвазе чытачоў гэтыя (скарочаныя) ўспаміны: “1-е ліпеня 1941 года, першая палова дня. Мы з Ярашам і работнікамі райкама партыі і райвыканкама, якія не паспелі эвакуіравацца, знаходзімся ў кабінеце 1-га сакратара РК КП(б)Б на 2-м паверсе будынка. Раптам у кабінет літаральна “ўрываецца” мой намеснік Компель І.М. і паведамляе ашаламляльную навіну: немцы ў горадзе! На самой справе, з другога паверха райкама партыі ў акно мы бачым, як па “старым” горадзе, амаль упрытык за адступаючымі чырвонаармейцамі, ужо рухаюцца нямецкія падраздзяленні на матацыклах і пешшу. Мы ўсе, хто знаходзіўся ў памяшканні райкама, кінуўшы ўсе, паспешна выскачылі з памяшкання ў двор, дзе выпадкова аказалася газагенератарная аўтамашына з кіроўцам Гараніным за рулём. Нейкімі цёмнымі завулкамі нам удалося вырвацца з горада і цераз вёску Дзямідаўку мы выехалі на дарогу Барысаў - Жыцькава, якая цераз Кастрыцу вяла ў вёску Зачысце і далей у напрамку Халопеніч. Толькі аказаўшыся ў некалькіх кіламетрах ад Барысава, мы ўсе ўсвядомілі тое, што ледзьве не папалі ў палон да ворага. Пад уплывам перажытага страху мы ехалі нідзе не спыняючыся, таму што ўсім нам здавалася, што немцы вось-вось нас дагоняць. Толькі ў вёсцы Зачысце мы спыніліся каля сельсавета. Зайшоўшы ў сельсавет, мы з Ярашам паспрабавалі звязацца па тэлефоне з гаспадаркамі і вёскамі поўначы Барысаўскага раёна, а, звязаўшыся, пачалі цікавіцца абстаноўкай. Выяснілі, што немцаў паўночней вёскі Зачысце пакуль што няма. Заначавалі тут жа ў вёсцы: хто ў сельсавеце, а хто ў кузаве палутаркі. Так скончыўся гэты цяжкі для ўсіх нас дзень 1 ліпеня 1941 года.
2-га ліпеня, з раніцы, мы ўсе былі на нагах і займаліся бягучымі справамі: зноў тэлефанавалі па раёне, а паколькі немцаў не было бачна і чутна, параілі старшыні сельсавета Ермаковічу Івану Лявонцьевічу адкрыць сельмаг, на якім ужо некалькі дзён віселі замкі. (Яго аднафамілец былы камуніст Ермаковіч Пётр Рыгоравіч, які жыў да вайны ў вёсцы Зачысце, з першых дзён акупацыі пайшоў на службу да немцаў і быў у іх старшынёй воласці – бургамістрам. Пазней служыў у Барысаўскай паліцыі, быў нават начальнікам гэтак званай ягдкаманды па барацьбе супраць партызан. Непасрэдна ўдзельнічаў у карнай аперацыі супраць рэшткаў атрада №28 І. А.Яраша. Па неправераных звестках, пазней перайшоў да партызанаў, пасля вайны арыштаваны органамі МГБ і як быццам асуджаны да пазбаўлення волі).
У гэты дзень мы здзейснілі эвакуацыю ў г.п. Крупкі некалькіх раненых чырвонаармейцаў. Так у клопатах і турботах прайшоў цэлы дзень. Заначавалі зноў такім жа чынам, як і раней: частка ў сельскім савеце, другая – у кузаве аўтамашыны. Ноч прайшла ў трывожным чаканні, што вось-вось падыдуць немцы: сярод адступаўшых цераз Зачысце чырвонаармейцаў і бежанцаў хадзілі чуткі аб тым, што немцы ўжо абышлі Зачысце з поўначы і поўдня і занялі Крупкі.
3-га ліпеня, раніцай, мы з Ярашам паслалі майго намесніка Компеля на нашай аўтамашыне ў вёску Бродаўку за нашымі сем’ямі, якія знаходзіліся там пад патранажам старшыні сельсавета Сазанёнка (са слоў К.І.Акуліча, у гады акупацыі камуніст Сазанёнак паступіў на службу да немцаў, пасля вайны быў арыштаваны органамі МГБ і асуджаны да пазбаўлення волі). Компель паспяхова даставіў нашы сем’і ў в.Зачысце ў гэты ж дзень к абеду. Пасля абеду мы ўсе заўважылі раптам з боку Лошніцы, на дарозе Казлы-Зачысце (вёска Казлы зараз не існуе) вялікае воблака пылу – гэта рухалася калона нямецкіх матацыклістаў. Мы хутка занялі свае месцы ў кузаве нашай палутаркі і, літаральна сарваўшыся з месца, крануліся па дарозе ў бок вёскі Белае. К вечару мы прыбылі ў мястэчка Халопенічы. На начлег размясціліся на ўскрайку яго ў вялікім калгасным садзе. Там жа, з вісеўшага на слупе радыёрэпрадуктара пачулі прамову Сталіна, якая пачыналася словамі: “Братья и сестры, родные мои соотечественники!..” і гэтак далей...
На наступны дзень 4-га ліпеня, раніцай, мы крануліся на сваёй машыне ў бок Чарэі і к абеду прыбылі туды. Зайшлі ў мясцовую сталовую, заказалі абед, але паесці нам не далі: у памяшканне раптам уварваўся капітан Чырвонай Арміі і пачаў крычаць нам, каб мы вымяталіся вон, бо немцы ўжо на ўскраіне мястэчка вядуць баі з нашымі войскамі. Нам зноў у спешным парадку прыйшлося ўцякаць у бок Віцебска. (Дарэчы, гэты капітан на браневіку суправаджаў нас увесь час у складзе калоны аўтамашын аж да Сенна). У гэты ж дзень, пад вечар, мы прыбылі ў г. Віцебск, які пасля бамбёжкі напярэдадні нашага прыезду гарэў. У горадзе ішла масавая эвакуацыя жыхароў, войск, маёмасці дзяржустаноў па дарозе ў бок г. Смаленска. Наша машына пад’ехала да будынка абкама партыі. Дзяжурны міліцыянер, які знаходзіўся ў абкаме, праверыўшы спачатку нашы дакументы, паведаміў, што абкам ужо эвакуіраваны ў г.п. Лёзна і дадаў, што яму даручана перадаваць усім савецкім і партыйным работнікам, каб яны таксама рухаліся туды. Доўга не раздумваючы, мы зноў селі на сваю машыну і позна ноччу прыбылі ў Лёзна. Праз нейкі час мы знайшлі тое месца, дзе часова знаходзіўся эвакуіраваны з Мінска ўрад Беларусі і ЦК партыі.
У гэты ж дзень, 5-га ліпеня, мы даведаліся, што тут, у Лёзна, адбудзецца нарада ўсіх партыйных і савецкіх работнікаў, якія ўжо прыбылі сюды. Нараду планавалі пачаць адразу пасля прыбыцця са Смаленска сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі П. К., якога чакалі.
6-га ліпеня, раніцай, нас запрасілі на нараду ЦК, дзе з прамовай выступіў сам П.К. Панамарэнка. У прыватнасці, ён сказаў, што пасля нарады ўсе прысутныя на ёй будуць накіраваны ў тыл ворага – у раёны Беларусі часова акупіраваныя ворагам для падпольнай дыверсійнай работы. Прабыць там, па словах сакратара ЦК, нам давядзецца нядоўга – ад сілы 5-6 месяцаў, пасля чаго Чырвоная Армія вызваліць захопленыя немцамі тэрыторыі. Большасць з тых, хто пойдзе зараз у тыл ворага, будуць абавязкова прадстаўлены да высокіх званняў Герояў Савецкага Саюза. Дарэчы, Панамарэнка ў час сваёй прамовы расказаў нам гісторыю, якая як быццам здарылася з былым 1-м сакратаром Барысаўскага гаркама партыі Левіным Насонам Гіршавічам. Справа ў тым, што Левін катэгарычна адмовіўся ісці ў складзе дыверсійнай групы ў акупіраваны немцамі Барысаўскі раён, бо добра разумеў, што яго адпраўляюць на смерць, тым больш, што немцы паўсюдна палявалі на яўрэяў.
Як паведаміў Панамарэнка, Левін за гэта быў выключаны з партыі і адданы пад суд ваеннага трыбунала (батальённы камісар Левін Н. Г., па некаторых звестках, змагаўся і загінуў смерцю храбрых пад Сталінградам у пачатку 1943 года). Дарэчы, Панамарэнка спытаў у прысутных на нарадзе: ці няма сярод іх тых, хто па якіх-небудзь прычынах не можа (ці не хоча?) адправіцца ў тыл да ворага? Зразумела, што сярод нас такіх не знайшлося, тым больш, што мы ўжо даведаліся, чым скончылася гісторыя з Левіным... Адразу ж пасля нарады пачалося фарміраванне дыверсійных груп. У нашу групу разам з Ярашам І.А. увайшлі 5 чалавек камуністаў г.Барысава (у тым ліку і я), а таксама 13 віцебскіх камсамольцаў. Атраду быў прысвоены парадкавы № 28, выдана зброя (7 ці 8 наганаў без запасных патронаў), некалькі бутылак з гаручай сумессю, ножніцы для разразання стальнога дроту, а таксама розная прапагандысцкая літаратура – лістоўкі, брашуры, газеты. Усяго кілаграмаў 30. Прадуктаў харчавання не далі ніякіх, бо іх не было – раздалі папярэднім групам. Тыя, хто нас “экіпіроўваў”, параілі нам узбройвацца за лік нямецкай трафейнай зброі і харчавацца з дапамогай насельніцтва акупіраваных немцамі тэрыторый. На ўсе зборы пайшлі прыкладна адны суткі, і 7 ліпеня ў другой палове дня, бліжэй да вечара, мы ўжо былі гатовы ў далёкую дарогу. Але нам быў аддадзены загад выступіць назаўтра раніцай.
Пераначаваўшы ў Лёзна, 8 ліпеня, зранку, мы ўжо былі на нагах. Паснедаўшы чым Бог паслаў, мы (усяго 18 чалавек) селі ў кузаў палутаркі і былі дастаўлены на ёй у раён чыгуначнай станцыі Орша. Там у гэты час знаходзіўся запасны савецкі аэрадром, дзе мы прабылі яшчэ каля сутак (таму што быў план перакінуць нас да месца прызначэння паветраным шляхам). Але штосьці там у кагосьці не атрымалася і 9 ліпеня, пасля абеду, нам быў адданы загад зноў заняць месцы ў машыне. Суправаджаў нас капітан Чырвонай Арміі, які, высадзіўшы групу з машыны непадалеку ад станцыі Смальяны, паказаў рукой у той бок, дзе мы павінны былі перайсці лінію фронту. Сам жа сеў у машыну і толькі мы яго і бачылі... Агледзеўшыся на мясцовасці, мы ўбачылі непадалеку немцаў, якія купаліся. Яны, у сваю чаргу, заўважыўшы нас, пачалі крычаць і адкрылі па нас агонь з аўтаматаў. Пры гэтым быў забіты адзін з байцоў нашага атрада з ліку віцебскіх камсамольцаў. Хаваць яго ў нас не было часу, бо немцы пачалі нас праследаваць. Мы, не ўступаючы ў бой, паспрабавалі адарвацца ад іх і схаваліся ў заросшым лесам яры. Так наша група перайшла лінію фронту. На самой справе ніякай лініі фронту тады яшчэ не было, ёй лічылі ўмоўную лінію, якая раздзяляла тады ўжо акупіраваныя немцамі і яшчэ занятыя нашымі войскамі тэрыторыі Віцебскай вобласці. Перайшоўшы лінію фронту, мы крануліся ў бок Смальян і цераз нейкі час перасеклі магістраль Лепель-Орша. На лузе, непадалеку ад станцыі Смальяны, наша група выпадкова натыркнулася на кінутыя армейскія грузавыя машыны. У адной з іх знаходзіўся забіты салдат-чырвонаармеец – шафёр. Кузаў гэтай палутаркі быў бітком набіты скрынямі з дынамітам. Нікому з нас, у тым ліку і нашаму камандзіру, не прыйшло ў галаву скарыстаць гэта багацце (можа таму, што спецыялістаў-падрыўнікоў сярод нас не было). Знішчыць аўтамашыну мы таксама не здагадаліся. На гэтым лузе мы сустрэлі жанчыну са Смальян, якая выпадкова аказалася знаёмай Яраша І. А. Справа ў тым, што Яраш нейкі час у 30-я гады працаваў у Смалянскай МТС. Жанчына адвяла нас да сябе дамоў, накарміла і напаіла малаком. У гэты ж дзень, 9 ліпеня, лясамі ўздоўж магістралі Орша-Мінск мы крануліся на захад да мэты свайго вандравання.
Адлегласць каля 150 кіламетраў па лясах і перасечанай мясцовасці без карты, без харчавання і амаль бяззбройныя, калі не лічыць 7 рэвальвераў сістэмы “наган”, мы пераадолелі, пятляючы і ўвесь час збіваючыся з маршруту, прыкладна за 9-10 дзён, таму што на дарогах і ў населеных пунктах усюды было поўна немцаў. Прадукты харчавання дабывалі так: заходзілі ў вёскі, дзе не было немцаў, і прасілі ежу ў мясцовых жыхароў. Людзі зрэдку давалі хто што мог... Начавалі мы ў лесе, наламаўшы галінак і наладзіўшы нейкае падабенства буданоў і ложкаў.
Афіцыйна наша група № 28 накіроўвалася сакратаром ЦК Панамарэнкам П.К. у Крупскі раён (у Яраша нават быў адпаведны мандат), дзе мы павінны былі, знайшоўшы месца для нашай базы, весці партызанскую барацьбу супраць акупантаў, зыходзячы з рэальных умоў таго часу. Але дарогай мы прыйшлі да выніку, што нам патрэбна вярнуцца менавіта ў “свой”, Барысаўскі раён, які мы ведалі лепш, і дзе нам было лягчэй наладзіць сувязі з насельніцтвам. Да таго ж у раёне, дзе мы хацелі арганізаваць сваю базу, да вайны быў калгас “Запупелічы”, старшыню якога (Лобача), мы з Ярашам добра ведалі. (У далейшым ён нам вельмі моцна дапамагаў харчаваннем). Як парашылі, так і зрабілі. Прыбыўшы ў раён вёскі Пупелічы прыкладна 18-19 ліпеня, мы некалькі першых начэй правялі ў стагах толькі што скошанага сена ў пойме ракі Схі, таму што тады яшчэ не ведалі акружаючай нас абстаноўкі. Крыху пазней у лесе, кіламетрах у двух-трох ад Пупеліч, мы пабудавалі з галінак хмызняку лёгкія буданы, аснаваўшы такім чынам часовы партызанскі лагер, з якога, дарэчы, да першага партыйнага сходу Яраш І. А. нікуды не адлучаўся. Увесь гэты час партызаны нашага атрада знаёміліся з навакольнымі лясамі, дарогамі, вёскамі і іх жыхарамі, ажыццяўляючы свайго роду разведку на мясцовасці.
Дні цераз 2-3 пасля нашага з’яўлення ў раёне Пупелічаў, гэта значыць, 21 ці 22 ліпеня, мы сустрэлі ў лесе групу камуністаў з Барысава ў складзе: Гафштэйна Д.Х., Кучынскага Г.В., Каплана Я.Б., Абрамовіча В.С., Шчуцкай М.М., Шастковай О.В. Затым, крыху пазней, да нас далучыліся яшчэ некалькі чалавек з ліку акружэнцаў-ваеннаслужачых, былых савецкіх работнікаў і жыхароў навакольных вёсак. Запасы харчавання мы папаўнялі за лік астаўленай без дагляду ў наваколлі калгаснай жывёлы. Там жа знаходзілі і неабходную нам неэвакуіраваную маёмасць. У канцы ліпеня мы прынялі рашэнне правесці партыйны сход. К гэтаму часу атрад фактычна быў арганізаваны, але ў нас яшчэ не было дастаткова зброі і моцы, каб весці баявыя дзеянні. Але самае, бадай, галоўнае заключалася ў тым, што мы не ведалі навакольнай абстаноўкі і не ведалі, каму можна верыць, а каму не. Многія кіраўнікі гаспадарак Барысаўскага раёна і некаторых арганізацый г. Барысава засталіся на сваіх даваенных пастах і прадаўжалі сваю працу, цяпер ужо ў нямецкіх установах і гаспадарках. У прыватнасці, у нямецкай зямельнай управе, як і да вайны, працаваў былы галоўны аграном Райза І.І.Хадасевіч, дырэктарам саўгаса “Стара-Барысаў” па-ранейшаму быў М.М.Крыуш, старшынёй прыгараднага саўгаса “Маяк сацыялізму” заставаўся М.В.Старадзетка, на сваіх пасадах пры немцах таксама знаходзіліся старшыня Вяляціцкага сельсавета Кульша, Вяліканегнавіцкага – Аляксееў, Неманіцкага – Паўлавец і (многія-многія!) іншыя. Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць, што гэтыя людзі не былі здраднікамі. У тых умовах паўсямеснай неразбярыхі, паспешнага адступлення Чырвонай Арміі, панічных уцекаў ад немцаў вышэйшых асоб беларускага партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва, сярэдняе і ніжэйшае яго звенні разгубіліся і не ведалі што рабіць... Пагэтаму, да таго часу, пакуль абстаноўка не праяснілася, большасць з камуністаў г.Барысава і раёна заставалася на сваіх ранейшых працоўных месцах. Але расстраляны яны былі немцамі, за рэдкім выключэннем, не за ўдзел у Барысаўскім падполлі, а па іншых прычынах, аб якіх я скажу ніжэй. Першым упаўнаважаным ад гітлераўскага камандавання па Зачысцкай воласці быў былы камуніст Патапёнак, які перадаў фашыстам спісы камуністаў, а таксама выдаваў акупантам схаваную калгасную маёмасць. Ён быў расстраляны нашым атрадам.”
Зараз я на кароткі час перарву расказ Акуліча К. І. для таго, каб пазнаёміць чытачоў са “Спісам былых камуністаў па Барысаўскаму раёну і гораду, якія працавалі на карысць нямецкіх улад”, дзе ўказаны прозвішча (імя), партыйнасць, месца жыхарства і працы ў вайну. У “заўвагах” указана, якую функцыю выконваў кожны з гэтых людзей на службе ў немцаў. Гэты спіс з 40 прозвішчаў знойдзены мной у адным з архіваў РБ. Вось ён: 1) Блюмбер Леў, член КПСС, в.Неманіца, лясніцтва, нямецкі тайны агент. 2) Козел, член КПСС, в.Неманіца, селянін, нямецкі тайны агент. 3) В.Яселінскі, член КПСС, в. Весялова, нямецкі тайны агент. 4) Ікановіч, член КПСС, в.В.Трасцяніца, нам. бургамістра Касцюковіцкай воласці. 5) Ляўданскі Аляксандр, член КПСС, г.Барысаў, гаруправа. 6) Дрыц Якаў, член КПСС, в.Весялова, МТС, нямецкі агент. 8) Бурачэўская, член КПСС, в.Весялова, МТС, нямецкі агент. 9) Радзько, член КПСС, торфзавод “Белае балота”, нямецкі агент. 10) Ерашэвіч Леанід, член КПСС, торфзавод “Белае балота”, працуе на карысць немцаў. 11) Сахончык Ігнат, член КПСС, в.Ляхаўка, селянін, працуе на карысць немцаў. 12) Бельскі Ігнат, кандыдат у чл. КПСС, В.Стахава, селянін (былы старшыня Мётчанскага с\с), працуе на карысць немцаў. 13) Казыра Якаў, кандыдат у чл. КПСС, г.Барысаў, асенабоз, агент гестапа. 14) Казыра Варфаламей, член КПСС, г.Барысаў, гарадская паліцыя, следчы. 15) Кісляк, член КПСС, г.Барысаў, гарадская паліцыя, следчы. 16) Эгаў Давыд, кандыдат у чл. КПСС, г.Барысаў, начальнік акружной паліцыі. 17) Буднік Кляменцій, член КПСС, г.Барысаў, следчы гарадской паліцыі. 18) Ермаковіч Пётр Рыгоравіч, член КПСС, в.Зачысце, бургамістр Зачысцкай воласці, актыўна працуе на карысць немцаў. 19) Альхоўскі, член КПСС, г.Барысаў, завод “Металіст”, рабочы, агент гестапа. 20) Рэнікава Галіна, кандыдат у чл. КПСС, г.Барысаў, беспрацоўная, агент гестапа. 21) Радкевіч Аляксандр, член КПСС, г.Барысаў, беспрацоўны, буйны агент гестапа, двойчы быў на дыверсіі ў СССР. 22) Пачкоўскі Валянцін, член КПСС, г.Барысаў, шклозавод, рабочы, агент гестапа. 23) Разэнэк Аляксандр, член КПСС, г.Барысаў, следчы акружной управы. 24) Дарманкоўскі Аляксандр, член КПСС, г.Барысаў, ганчарны завод, рабочы, агент гестапа. 25) Анціпаў, член КПСС, г.Барысаў, кантора лесасплаву, агент гестапа. 26) Галаватка М.Л., член КПСС, в.Вяляцічы, загадчык млына, агент гестапа. 27) Сакалоўскі Васілій, кандыдат у чл. КПСС (больш ніякіх звестак няма) 28) Сяліцкі Іван, кандыдат у чл. КПСС, в.Бродаўка, намеснік бургамістра. 29) Хвораст Іван, член КПСС, г.Барысаў, гарпаліцыя, начальнік турмы. 30) Кавальчук Васілій, член КПСС, г.Барысаў, гарадская управа, заггандальаддзелам. 31) Кабакоў, кандыдат у чл. КПСС, г.Барысаў, начальнік карнага атрада, забіты партызанамі. 32) Гіль Мікалай, член КПСС, в.Кабыльшчына, паліцэйскі Неманіцкага гарнізона. 33) Жалцінскі Іосіф, кандыдат у чл. КПСС, в.Бродаўка, бургамістр Бродаўскай воласці. 34) Фабрысенка, член КПСС, г.Барысаў, дырэктар лесасплаву. 35). Жукоўскі, член КПСС, г. Барысаў, паліцэйскі Хаўхоліцкай воласці. 36) Грынкевіч, член КПСС, г.Барысаў, следчы 2-га аддзела СД. 37) Мікуліч, кандыдат у чл. КПСС, в.Міхайлова, сельская гаспадарка, арганізатар самаабароны супраць партызан, забіваў яўрэяў. 38) Хахлачоў Павел, член КПСС, г.Барысаў, ваенна-палявы аграном. 39) Крышталь, член КПСС, г.Барысаў, Райза, каморнік. 40). Паўлавец, член КПСС, г.Барысаў, кварткам, шпіён.
Трэба, дарэчы, сказаць, што многія з гэтых людзей пазбеглі адказнасці за свае злачынствы перад беларускім народам, бо ў зручны момант уцяклі, зніклі і след іх, на жаль, згубіўся...
Акуліч К. І. працягвае расказ пра свае прыгоды ў пачатку вайны: “Заканамерна тое, што актыўную барацьбу супраць немцаў і іх халуёў мы пачалі толькі пасля партыйнага сходу, які адбыўся 29 ліпеня 1941 года на ўзлеску ля вёскі Пупелічы. На ім прысутнічаў увесь асабовы састаў атрада № 28. На партыйным сходзе камандзірам атрада аднагалосна быў выбраны Іван Афанасьевіч Яраш, намеснікам выбралі мяне, камісарам атрада стаў былы пракурор Барысаўскага раёна Антон Герасімавіч Хадаркевіч.
На сходзе мы прынялі рашэнне змагацца супраць ворага ва ўмовах падполля (г.зн. нелегальна) з дапамогай партызанскай тактыкі. На гэтым жа сходзе быў выбраны падпольны (нелегальны!) райкам партыі ў саставе: Яраш І.А., сакратар, Акуліч і Хадаркевіч, члены яго. У пачатку жніўня мы пачалі баявыя дзеянні супраць ворага...” Ва ўспамінах паважанага Канстанціна Іванавіча гэты аспект партызанскай барацьбы атрада № 28 апісаны вельмі падрабязна і добра: чатыры з паловай сотні забітых немцаў у 18 баях з імі, 5 буйных і 10 невялікіх дыверсій на камунікацыях ворага, 24 спаленыя аўтамашыны і 6 матацыклаў, збіты транспартны самалет праціўніка і іншае... У той жа час, пры хранічным недахопе зброі, баепрыпасаў і баявых кадраў у партызан ніводнай страты да 19 верасня 1941 года, калі атрад папаў у нямецкую засаду ля мястэчка Бобр Крупскага раёна, дзе загінулі 5 партызан. Зразумела, што ў гэта цяжка паверыць, але ж калі тут што і не так, то няхай гэта поўнасцю застаецца на сумленні самаго Акуліча К. І. (У шчырай размове са мной былы партызан Акуліч прызнаў той факт, што страты праціўніка ім былі значна завышаны, але пры гэтым дабавіў у сваё апраўданне наступнае: “усе нямецкія страты Айчыннай вайны завышаны...”).
Працягваем знаёміцца з успамінамі Акуліча К. І.: “Падтрымлівалі мы сувязі і з горадам Барысавам. Першых сувязных туды мы паслалі яшчэ да партыйнага сходу ў ліпені месяцы: Шчуцкую М.М. на ФСК ім. Кірава, дзе яна працавала да вайны начальнікам цэха, знайсці знаёмых, устанавіць сувязі, заадно высветліць абстаноўку ў горадзе, Абрамовіча В.С. на ДАК ім. Камінтэрна з тым жа, што і ў Шчуцкай, заданнем. Акрамя таго, Кучынскі Г.В. неаднаразова хадзіў у в. Юшкевічы, дзе жыла ў той час яго маці. Наогул, усе трое прыносілі даволі каштоўную тады для нас інфармацыю аб становішчы ў акупіраваным немцамі горадзе. Наш атрад па сваёй спецыфіцы быў у асноўным арыентаваны на партызанскія метады барацьбы, у ім вельмі многа было людзей, добра знаёмых жыхарам горада і раёна як камуністы. Пагэтаму ні я, асабіста, ні Яраш, ні хтосьці з названых мной таварышаў у горад Барысаў ніколі не хадзілі, ні адны, ні ў суправаджэнні сваіх таварышаў па зброі. Гэта было для нас смяротна небяспечна, бо некаторыя знаёмыя нам людзі (глядзі спісак вышэй) тады ўжо актыўна супрацоўнічалі з акупантамі. Дыверсій у горадзе наш атрад таксама ніякіх не рабіў. Як я ўжо падкрэсліваў, мы абмяжоўваліся разведвальнай дзейнасцю ў г. Барысаве і пошукамі там надзейных людей– сувязных для наступных дзеянняў супраць немцаў без непатрэбных нам страт, а таксама для папаўнення атрада. Праўда, ужо значна пазней, у верасні-кастрычніку 1941 года, Яраш зрэдку верхам на кані, у суправаджэнні малодшага лейтэнанта Мядзведзява, узброенага ручным куляметам “Дзегцяроў”, ездзіў у некаторыя лясныя вёскі, размешчаныя ў раёне Лукамскага возера. Былі мы з ім аднойчы і ў в.Зачысце на калгасным таку, дзе размаўлялі з працаваўшымі там сялянамі. З усяго атрада ў нас Яраш і Мядведзеў былі ўзброены лепш за ўсіх (у Івана Афанасьевіча быў аўтамат ППД, знойдзены мной з Гафштэйнам у раёне возера Пялік у пачатку жніўня 1941 года, але камандзір ім амаль не карыстаўся – у “ражку” было мала патронаў). У астатніх, але далёка не ва ўсіх, былі, у каго рэвальвер, а ў каго вінтоўка і па некалькі патронаў да іх.
Звычайна я быў у курсе ўсіх спраў камандзіра атрада, як гаспадарчых, так і баявых. Усе пытанні ў нас у атрадзе абмяркоўваліся калектыўна і міма маёй увагі не маглі прайсці такія факты, як наведванне Ярашам явачных кватэр у г. Барысаве, (у прыватнасці, кватэр Замбржыцкага, Качана, аб чым піша Прырыз), і сустрэчы з Арловым (аб чым успамінае Пашкевіч). Зразумела, што я быў бы ў курсе ўсяго, што адбылося ў час гэтых сустрэч. Мне здаецца, што Яраш нават не ведаў ніколі такога Замбржыцкага, бо той нават не быў членам партыі, а да вайны дзесьці вучыўся і ў Барысаве не жыў. Наогул, калі ўтварыўся наш атрад, прозвішча Замбржыцкі ў дачыненні да нашых памочнікаў я нават ніколі і не чуў. Толькі ў 1966 годзе з газет я даведаўся, хто ён і чым займаўся ў час вайны. Дакладна магу сказаць, што ні 20, ні 25 ліпеня Яраш у горад Барысаў на сустрэчу з Прырызам на кватэры Замбржыцкага не хадзіў. У гэты час мы толькі прыбылі ў раён Пупеліч і, як я ўжо гаварыў, толькі-толькі знаёміліся з мясцовасцю, сувязей з горадам яшчэ не мелі, а калі і пасылалі каго ў горад, дык гэта былі ўжо вядомыя вам Шчуцкая і Абрамовіч. І калі б паміж Замбжыцкім, Прырызам і Ярашам была якая-небудзь сувязь, я б аб гэтым абавязкова ведаў, бо камандзір мне давяраў поўнасцю.” Ад аўтара: Акуліч К. І. у прыватнай размове са мной неаднаразова сцвярджаў, што Яраш І. А. пасля 1 ліпеня 1941 года ў акупіраваным гітлераўцамі горадзе Барысаве ніколі ні адзін, ні з кім-небудзь не быў, з Качаном, Крыушам і другімі жыхарамі яго не сустракаўся і, зразумела, не мог кіраваць імі. Канстанцін Іванавіч не адмаўляе таго факта, што ў г. Барысаве магло быць партыйна-патрыятычнае падполле і агаворваецца, што магчыма ім кіравалі камуністы Качан і Крыуш. Але ўсялякую сувязь іх з Ярашам у час знаходжання апошняга ў акупіраваным немцамі Барысаўскім раёне катэгарычна адмаўляе, нягледзячы на свае ранейшыя заявы аб тым, што пад кіраўніцтвам падпольнага гаркама-райкама партыі і яго сакратара І. А. Яраша ў горадзе і раёне хутка рос і мацнеў партызанскі рух і партыйна-патрыятычнае падполле. У Барысаве было створана больш як 10 падпольных груп: на электрастанцыі, дрэваапрацоўчым камбінаце “Камінтэрн”, у саўгасе “Стара-Барысаў”, калгасе “Маяк сацыялізму”, у вёсцы Жыцькава, а таксама група на чале з настаўнікам-камсамольцам М. П. Ціхановічам і інш. І. А. Яраш пастаянна падтрымліваў з імі сувязі і накіроўваў іх дзеянні супраць ворага”. (“Камуністычная праца” ад 27 лютага 1982 года.) Дарэчы, у самых першых публікацыях Акуліча аб тым, як на самой справе “пачыналася барацьба”, апублікаваных у “Камуністычнай працы” №№ 5749 і 5917, няма і ценю намёку на тое, што Яраш быў “арганізатарам” і кіраўніком Барысаўскага падполля, нідзе ні разу не ўзгадваюцца прозвішчы ні Качана, ні Крыуша, не гаворачы ўжо аб сустрэчах Яраша з імі. На маё пытанне, што прымусіла яго, паважанага ўсімі чалавека, прайшоўшага пекла вайны і жахі нямецкіх канцлагераў смерці, крывіць душой ужо ў 1982 годзе, ён сумленна адказаў, што “тады быў такі час...” І растлумачыў, што афіцыйная легенда аб Барысаўскім падполлі, якім як быццам кіраваў Яраш І. А., была “зманціравана” яшчэ ў 1966 годзе камісіяй Барысаўскага гаркама партыі начале з 3-м сакратаром (нам. 1-га па ідэалогіі) Ермаловічам М.П. з удзелам прадстаўнікоў Мінскага абкама партыі. І ў гэтай сітуацыі нягожа было яму, камуністу з даваенным стажам, за знаходжанне ў нямецкім палоне выключанаму пасля вайны з партыі і адноўленаму ў яе шэрагах пасля доўгіх хаджэнняў па інстанцыях толькі ў 1956 годзе, “адкланяцца” ад яе генеральнай лініі і супярэчыць афіцыйнай версіі аб падполлі г.Барысава. Тым больш, што ніхто не стаў бы тады яго слухаць... Так, напрыклад, вясной 1966 года, – расказвае далей Акуліч, – яго вызвалі на прыём у Барысаўскі аддзел КДБ. Калі Канстанцін Іванавіч зайшоў у кабінет да начальніка аддзела, там ужо сядзелі Ермаловіч М.П., яго сябра Буцвілоўскі Э.І., а таксама прадстаўнік ад Мінскага абкама партыі. Ермаловіч задаў Акулічу ўсяго адно прамое пытанне: “Дык было ў Барысаве падполле, якім кіраваў Яраш, ці не?!” На што Акуліч, калі верыць яго словам, адказаў, што існаванне падполля павінна пацвярджацца нейкімі дакументамі, якія патрэбна пільна вывучаць. Што датычыцца кіраўніцтва падполлем Яраша І. А., то такія факты яму, асабіста, невядомы... Пасля гэтага Ермаловіч сказаў яму: “Ідзі, нічога не ведаеш!..” Крыху пазней пад “гіпнозам” ужо сфарміраванай к таму часу Грабоўскім, Гапеевым, Журбой і іншымі грамадскай думкі аб існаванні ў г. Барысаве шырокага партыйна-патрыятычнага падполля, якім як быццам кіраваў Яраш, ён быў проста вымушаны паўтараць (у афіцыяльных сітуацыях) гэтыя легенды ўслед за ўсімі...
У заключэнне свайго расказа Акуліч К, І. сказаў, што сустрэчы паміж Ярашам, з аднаго боку, і Крыушам, Качаном і Жураўкіным, з другога, позняй восенню ў лесе ля вёскі Пупелічы, ніколі не было. Таму што Яраш разам са сваімі таварышамі ў гэты час быў у другім месцы: “Ужо ў верасні 1941 года, калі немцы пачалі ўзмоцнена прачосваць навакольныя лясы ў пошуках партызан, мы вымушаны былі перабазіравацца ў Халопеніцкі раён, дзе ў лесе ля вёскі Жаберычы знаходзіліся на працягу больш трох тыдняў. У пачатку кастрычніка таго ж года мы перабраліся ў раён Лукамскага возера і зрабілі базу ў “Ласіным урочышчы” непадалеку ад в. Прошыка (ці Просека?) ў глухім, цяжкадаступным месцы. Адтуль мы і здзяйснялі ў далейшым нашы вылазкі супраць праціўніка. Дзякуючы блізкасці да нас в. Просека, дзе да вайны быў калгас, мы мелі магчымасць забяспечваць сябе харчаваннем (за лік безгаспадарчых авечак). Да 26 лістапада 1941 года, даты фактычнага разгрому нашага (асобнага) партызанскага атрада № 28, Яраш І. А. пастаянна знаходзіўся побач са мной і, як дакладна мне вядома, у раёне Пупелічаў за гэты час ні разу не бываў. Туды ён вярнуўся зноў (гэта стала мне вядома пасля вайны) толькі ў пачатку снежня гэтага ж года з двума нашымі баявымі таварышамі Гафштэйнам Д.Х. і Хадаркевічам А. Г. З імі туды прыбыла таксама і Халкіна Роза – былая тэлефаністка Барысаўскага РВС, якую яны сустрэлі па дарозе”. На гэтым неафіцыйная частка ўспамінаў Акуліча заканчваецца, але гісторыя пра Яраша мае працяг...
В.Раховіч, навуковы супрацоўнік Барысаўскага аб’яднанага музея
”Гоман Барысаўшчыны” № 7(52)–8(53) за 2004 год.
|