Магіла класіка

Змітрок Бядуля

Пра Змітрака Бядулю я ўпершыню даведаўся, будучы вучнем першай школы г.Барысава. Мы вывучалі яго аповесць "Салавей", і, памятаю, аўтара гэтага цікавага і глыбокага твора настаўніца Анастасія Фёдараўна Кошкіна называла класікам беларускай літаратуры. Напэўна, гэта сапраўды так, бо відавочна па ўшанаванню памяці Змітрака Бядулі, паэта, празаіка, перакладчыка. Яго іменем названы плошча і вуліца ў Мінску, ёсць музей на яго радзіме ў Лагойскім раёне, у яго гонар выдадзена паштовая марка. Дзесьці чытаў, што вуліца Бядулі ёсць таксама ў казахстанскім горадзе Уральску. Аднак, мабыць, тут памылка: там ёсць вуліца Бяды (вядомага лётчыка-героя), а не Бядулі.

Вуліца Зм. Бядулі ў Мінску

Паштовая марка

Але прычым тут гэты горад, якое ён мае дачыненне да беларускага літаратара? А такое, што там на гарадскіх могілках знаходзіцца магіла класіка. У злавесным 1941 годзе па дарозе да месца эвакуацыі Змітрок Бядуля раптоўна памёр у цягніку. Трагедыя здарылася каля Уральска, дзе яго і пахавалі.

На магіле паставілі сціплы помнік. Даўно гэта было. А як выглядае магіла нашага знакамітага земляка сёння?. Крыўдна і сорамна на яе глядзець. Ніхто за гэтым жалобным месцам не наглядае. Няма ні кветак, ні нават травы. Усё паблекла і пашкоджана, надпісы руйнуюцца, нельга нават правільна прачытаць імя пісьменніка. Ці не здаецца, што гэта ўжо называецца беспамяцтвам, якое ніяк не да твару Беларусі?

Помнік у горадзе Уральску

Надпіс на помніку

І тут узнікае пытанне: чаму за больш, чым за 70 гадоў не змаглі перазахаваць чалавека такой неардынарнай велічыні ў родным краі і сваей дзяржаве, як гэта ў свой час зрабілі з прахам Янкі Купалы, і паставіць дастойны помнік?

Пытанне непрыемнае і таму паглыбляцца ў яго не варта. Тым больш, што вырашыць яго не позна і сёння, аднак пры ўмове, што яго падтрымае ўрад і грамадская думка.

Мне здаецца, што праявіць ініцыятыву і ўзбурыць застылую казённую памяць змагла б газета "Наша ніва", дзе па сутнасці нарадзілася шматгранная творчасць Змітрака Бядулі. Праўда, меркаванне на гэты конт рэдакцыі старэйшай беларускай газеты прадугледзець, зразумела, не магу.

Дадатак

Гэты здымак, які даслала Анастасія Кабанава, зроблены 18 чэрвеня 2017 года. І што змянілася за чатыры гады? Бачым, што нічога. Памёр Максім!..

Паслямова

У лютым 2020 года астанкі Змітрака Бядулі былі дастаўлены з Уральска ў Беларусь, а 3 лістапада таго ж года пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Адпяваў нябожчыка праваслаўны сьвятар, і на магіле. усталяваны крыж, хоць пісьменнік ніякага стаўлення да хрысціянскай рэлігіі не меў.

2013-2023 © Аляксандр Розэнблюм


© При копировании ссылка на автора обязательна