Барысаўшчына пад нямецкай акупацыяй

Усе рэжымы асабістай улады пабудаваны на хлусні і існуюць толькі дзякуючы таму, што яна з’яўляецца іх ідэалогіяй. І хаця я не змагаюся супраць нейкага канкрэтнага чалавека-дыктатара ці падобнай сістэмы дзяржаўнай улады, я заўсёды памятаю аб тым, што любы таталітарны рэжым існуе толькі дзякуючы таму, што яго карнявая сістэма сілкуецца генетычнай няпраўдай папярэдніх, такіх жа, як і ён, аўтарытарных рэжымаў. Гаварыць праўду аб мінулым і ёсць метад маёй барацьбы з любымі, у тым ліку і з зараз існуючымі, антыдэмакратычнымі сістэмамі ўлады. У гэтым кантэксце, спрабуючы пісаць аб Вялікай Айчыннай вайне, я прыйшоў да высновы: праўды аб ёй у нашай краіне пакуль што наогул не існуе. Гэтаму спрыяе яшчэ і тое, што вайна і праўда паняцці традыцыйна ўзаемнавыключальныя. Заўсёды адбываецца так: чым маштабней якая-небудзь вайна, тым велізарней хлусня аб ёй з абодвух варагуючых бакоў. Асабліва гэта датычыцца таго боку, які лічыць сябе пераможцам. У прыватнасці, гістарычная праўда аб партызанскай вайне ў Беларусі яшчэ і зараз здольна была б высвеціць не толькі “велічасць подзвігу савецкага народа, перамогшага фашызм”, але, у першую чаргу, усю нізасць, гнюснасць і подласць сталінізму, які ў гады акупацыі БССР немцамі, фактычна, справакаваў на яе тэрыторыі шырокамаштабную крывавую міжусобіцу.

Як вядома, горад Барысаў быў поўнасцю акупіраваны немцамі 1 ліпеня 1941 года. Але Барысаўская райгаруправа імі была ўтворана толькі цераз месяц – у пачатку жніўня таго ж года. Першым яе начальнікам стаў яшчэ і дасюль мала каму вядомы Станіслаў Станкевіч, яго намеснікамі былі Наронскі – былы польскі афіцэр і нехта Данілевіч. На службу ў нямецкую ўстанову ў першыя ж дні пасля яе ўтварэння пайшлі многія жыхары г. Барысава. Аб адным з іх дастаткова падрабязна піша Л. Карнілаў у сваёй дакументальнай аповесці “Застануцца ў памяці”, “Палітвыдавецтва”, Масква, 1965 год: “Яго прозвішча было Парабковіч. Да вайны ён настаўнічаў у Смалявічах, любіў жонку і быў шчаслівы. У 1939 годе раптоўна кінуў жонку і запіў. Некалькі тыдняў не выходзіў на працу. Потым вярнуўся ў школу. Але людзей пазбягаў. І хутка пераехаў у Барысаў, далей ад успамінаў. Тут пачаў працаваць дырэктарам гарпрамгандлю, жаніўся на маладой дзяўчыне, выхаванцы дзіцячага дома. Жылі яны дрэнна. Часта скандалілі. І вось пачалася вайна, у Барысаў прыйшлі гітлераўцы. Яны ўстанавілі, што Парабковіч – адзін з нямногіх людзей, што засталіся ў гораде, якія гавораць па-нямецку. Не камуніст. Здаецца, у 1937 меў нейкія непрыемнасці ад савецкай улады (аднойчы на педсавеце Парабковіч заявіў, што не верыць, быццам драматургі Кіршон і Афінагенаў – ворагі народа, і яму за гэта моцна дасталося ў райкаме партыі і ад дырэктара школы). Хмуры, нелюдзімы”. Зразумела, некаторыя сцвярджэнні з гэтай цытаты з’яўляюцца спрэчнымі, але ж ігнараваць іх я не маю ніякага права, бо звестак пра Парабковіча наогул вельмі мала.

А вось і раней “сакрэтная” інфармацыя, атрыманая БКМ з Барысаўскага ГК КП(б)Б у красавіку ці ў траўні 1968 года. Гэта не што іншае, як спіс Барысаўскага “партыйна-патрыятычнага падполля”, на апошнім лісце якога стаіць штамп “дазваляецца для агляду” і дата 24.04.1968 года, г. Менск. Гэта азначае, мусіць, што дакумент паспяхова прайшоў унутраную партыйную цэнзуру. Пад №22 у спісе асоб, якія прымалі “найбольш актыўны ўдзел” у Барысаўскім падполлі ”Парабковіч Пётр Фаміч, 1900 года нараджэння, беларус, па заданню падпольшчыкаў працаваў бургамістрам горада. З ліпеня 1941 па люты 1944 года ў падпольнай арганізацыі аказаў вялікую дапамогу ў забеспячэнні падпольшчыкаў нямецкімі дакументамі, паведамляў важныя звесткі аб падрыхтоўцы карных дзеянняў ворага, аб агентуры гестапа і паліцыі, перадаў партызанам пішучую машынку, вялікую колькасць паперы, адзення, медыкаментаў. У лютым 1944 года быў выкрыты немцамі, арыштаваны і расстраляны”. Як жа ўсё было на самой справе, нам яшчэ патрэбна будзе ўдакладніць.

Калі ў горад увайшлі немцы, яны афіцыйна ў першыя ж дні ліпеня аб’явілі: “Усім заставацца на сваіх працоўных месцах і захоўваць даручаную ім маёмасць”. Некаторыя барысаўскія прадпрыемствы, якія спыніліся былі на месяц, з прыходам немцаў зноў запрацавалі ў поўную сілу таму, што дасталіся немцам амаль цэлымі і непашкоджанымі (на многіх маёмасць была раскрадзена насельніцтвам). Немцы таксама аддалі загад аб роспуску камуністычнай партыі і камуністычных саюзаў і арганізацый.

Дырэктар гарпрамгандлю г.Барысава Парабковіч, як я думаю, застаўся на сваёй пасадзе. З гэтай пасады, у якасці начальніка харчгандальаддзела, ён і ўвайшоў у састаў нанава ўтворанай немцамі гаррайуправы. Ужо ў жніўні 1941 года з’явіўся загад, падпісаны Парабковічам, аб здачы насельніцтвам Барысава і раёна жывёлы ў сталовую “Бярэзіна”, дзе харчаваліся тады акупанты. Як мы ўжо ведаем, начальнікам горада і раёна стаў Станіслаў Станкевіч. Ён нарадзіўся ў 1907 годзе ў в. Урляняты, Ашмянскага павета. Скончыў Віленскі універсітэт у 1933 годзе, потым выкладаў у ім польскую мову і літаратуру. У 1937-1938 гадах працаваў у Югаславіі. У 1939-1941 гадах ён – выкладчык тэатральнага інстытута ў Навагрудку, прымаў удзел у дзейнасці нацыянальных арганізацый. Пасля акупацыі Беларусі працаваў бургамістрам Барысаўскага раёна Менскай акругі, потым там жа школьным інспектарам. У 1944 годзе ён – намеснік прэзідэнта БЦР у Баранавіцкай акрузе. Кіраваў мабілізацыяй у БКА (беларуская краёвая абарона) у Баранавічах, удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах акупацыйных улад. Пад час вызвалення Беларусі збег у Германію. 20 студзеня 1945 года быў уведзены ў склад БЦР у Берліне як рэдактар газеты “Раніца”. З 1962 года жыў у ЗША, займаўся журналістыкай, супрацоўнічаў з радыёстанцыяй “Свабода”. Памёр у 1980 годзе. Вось тыя скупыя афіцыйныя звесткі пра Станіслава Станкевіча, якія мне ўдалося знайсці ў адной дакументальнай крыніцы. Рабочы дзень нямецкай управы, якую пэўны час узначальваў “др. Ст. Станкевіч” (так ён падпісваў усе свае афіцыйныя паперы), пачынаўся ў 8 гадзін раніцы і працягваўся да 18 гадзін вечара, абедзенны перапынак быў 2 гадзіны, прычым ажыццяўляўся ён супрацоўнікамі ўправы ў дзве змены з 12 да 16 гадзін. Недахопу ў супрацоўніках у нямецкай управе ніколі не было, у ёй побач з людзьмі, у свой час пацярпеўшымі ад савецкай улады, старанна працавалі як беспартыйныя жыхары горада і раёна, так і былыя камуністы.

Створаная, як і ўправа, у пачатку жніўня 1941 г. ў г. Барысаве служба аховы парадку (АП) выдала загад усім жыхарам горада і раёна ў перыяд з 5 жніўня па 15 верасня 1941 года прайсці перарэгістрацыю ў аддзеле рэгістрацыі (пашпартным стале) райгаруправы, г.зн. абмяняць свае пашпарты на аўсвайсы (пасведчанні асобы) і атрымаць від на жыхарства. Кожны, хто атрымаў пасведчанне, мог уладкавацца на працу або прадаўжаць працаваць на прадпрыемствах і ва ўстановах г. Барысава і раёна. Усе тыя, хто працаваў на карысць Вялікай Германіі, мелі права на атрыманне харчовых (хлебных) картак. Службу аховы парадку, ці паліцыю г. Н-Барысава, спачатку ўзначальваў нехта Андрэеў, намеснікам у яго быў Пятроўскі, у старой частцы горада начальнікам паліцыі нейкі час быў Стрыгуцкі Іосіф Антонавіч, які пазней, як быццам, працаваў у гаррайуправе, а пасля яго Наваградскі. У канцы жніўня Андрэева і Стрыгуцкага немцы здымаюць з іх пасад і назначаюць начальнікам аб’яднанай (акружной) паліцыі (службы бяспекі) горада і раёна былога кандыдата ў члены ВКП(б)Б Эгава Давіда Давідавіча. Яго намеснікамі і бліжэйшымі памочнікамі сталі Кавалеўскі Пётр Людвігавіч (расстраляны ў турме НКУС у Менску ў 1944 годзе) і Бахановіч Цімафей Андрэевіч. Начальнікам аддзялення паліцыі ў “старой” частцы Барысава быў назначаны былы член ВКП(б)Б Грынкевіч Міхаіл Яфімавіч (пазней працаваў следчым 2-га аддзела паліцыі бяспекі СД), а ў “новай” частцы горада службу аховы парадку ўзначаліў Мірончык(аў) Аляксандр Варфаламеевіч (яго ўспаміны прыведзены на стар. 307, кнігі “Памяць”). У падначаленні першага спачатку знаходзілася ўсяго 29 паліцаяў, у падначаленні другога толькі 22 “бобікі”. Тады ж з паліцыі звольнілі 28 чалавек як прафесійна непрыгодных да гэтай работы. (Карыстаючыся магчымасцю, хачу нагадаць чытачам, што ў расстрэлах барысаўскіх яўрэяў у лістападзе 1941 года, а таксама камуністаў вясной-летам 1942 года актыўнейшы ўдзел прымаў увесь начальніцкі склад Барысаўскай акружной паліцыі на чале з Д.Д.Эгавым).

На асобе А.В.Мірончыка(ва) я хацеў бы спыніцца больш падрабязна. 3 гэтай мэтай я хачу пазнаёміць чытачоў “ГБ” з артыкулам А.Разэнблюма “Мнагалікі Мірончык”, надрукаваным у №35 газеты “Барысаўскія навіны” ад 30.08.1996 года. Вось што ён піша: “У многіх іпастасях пабываў гэты чалавек. Кіраваў калгасам з 1929-га па 1935-ы, быў у кампартыі з 1924-га па 1935-ы, потым працаваў у Гулазе, чымсьці займаўся ў дарожна-эксплуатацыйным упраўленні”. Пад выразам “працаваў у Гулазе” мы павінны разумець у першую чаргу наступнае: А.В.Мірончык, хутчэй за ўсё, быў выключаны з партыі, прыцягнуты да крымінальнай адказнасці як “вораг народа”, асуджаны і адбываў пяцігадовы тэрмін зняволення (у Вяземскім папраўча-працоўным лагеры). Далей А.Разэнблюм выказвае сумненне ў тым, што мы калі-небудзь даведаемся яго сапраўднае прозвішча, бо Мірончыка (ці Мірончыкава?) ужо даўно няма ў жывых. “Мнагалікасць” Мірончыка(ва), як сцвярджае А.Разэнблюм, асабліва ярка праявілася ў гады вайны: “Тады ён паспеў пабываць паліцаем, падпольшчыкам, сувязным, партызанам, франтавіком”. Вось што пішуць, напрыклад, аб тым як змагаўся супраць гітлераўцаў “падпольшчык” Мірончык(аў) бальшавіцкія “летапісцы” С.Грабоўскі і Я.Гапееў: “Загадваў складам, накіраваны падпольшчыкамі служыць у паліцыю, Аляксандр Варфаламеевіч Мірончыкаў. ...Па загаду падпольшчыкаў са сваім сябрам Пятром Палянскім...” ён “апрацаваў” салянай кіслатой кажухі і валёнкі, якія былі прызначаны для нямецкай арміі. І больш ні слова, нідзе пра баявыя справы паліцэйскага-загсклада... У сваіх успамінах, пратыражыраваных у кнізе “Памяць”, А.В.Мірончык(аў) даволі падрабязна расказвае, як ён па рэкамендацыі свайго даваеннага знаёмага І.І.Аладка ўладкаваўся на працу ў паліцыю загадчыкам рэчавага склада, як дабываў зброю, прадукты харчавання, паперу, якія перадаваў партызанам. Як ён быў арыштаваны і падвяргаўся катаванням, як збег з-пад расстрэлу. Аб тым, што немцы расстралялі ўсю яго сям’ю. Як сустрэўся з партызанамі і ваяваў у атрадзе “Камунар” (мабыць, у Лапаціна?). Але ж, як вядома, ні адзін разумны чалавек не скажа пра сябе нічога дрэннага. Тым больш, калі гэта тоіць у сабе даволі прадказальныя наступствы... Але няўмольная логіка падказвае мне адзіны правільны адказ на пытанне, як А.В.Мірончык(аў) апынуўся на працы ў паліцыі – немцы ўлічылі тое, што ён пацярпеў ад савецкай улады: быў зняты з пасады старшыні калгаса, выключаны з партыі, адбываў тэрмін зняволення і гэтак далей. Не магло ў 1941 годзе, у жніўні месяцы, паслаць яго туды на працу Барысаўскае падполле, бо яго тады яшчэ проста не было! А калі хто і быў, то стараліся трымацца далей ад такіх людзей, як Мірончык(аў), пакрыўджаных савецкай уладай. Тым больш, як сведчаць факты, амаль усе, хто у свой час пацярпеў ад савецкай улады, змагаліся ў час вайны на другім баку барыкад, г.зн. былі калабарацыяністамі. Іншая справа, што Мірончык(аў) мог быць завербаваны ў час працы ў паліцыі савецкай ці партызанскай разведкай, а потым выкрыты гестапа і прыгавораны да пакарання смерцю – такія факты ў гісторыі Барысаўскага падполля былі... Некалі мне давялося папрацаваць у Менскім абласным дзяржархіве з матэрыяламі фонда “Спецзахавання”. Там я знайшоў цікавы дакумент, які датычыцца ўжо вядомага нам Мірончыка. Гэта загад начальніка акруговай паліцыі Д.Д.Эгава ад 29 жніўня 1941 года аб прызначэнні на пасаду “начальніка аддзялення паліцыі па Н.-Барысаву Мірончыка Аляксандра Варфаламеевіча”, Ф.636, вопіс 2, справа 1, параграф 3. Там жа прыведзены і прозвішчы яго памочнікаў на 2-х лістах. Тое ж самае, але значна раней за мяне, у сваім артыкуле “Мнагалікі Мірончык” паведаміў А.Разэнблюм. Дарэчы, ён прывёў і невядомыя мне звесткі: “Сустракаецца прозвішча Мірончыка і ў крымінальных справах па абвінавачванню прафашысцкіх прыхвастняў. Так, у справе Пятроўскага І.Ф. указваецца на ўдзел Аляксандра Мірончыка ў знішчэнні яўрэяў (т.2, ліст 95)”. У заключэнні свайго артыкула А.Разэнблюм паведамляе: “Пасля вызвалення Барысава ў 1944 годзе Мірончык быў прызваны ў армію, адважна ваяваў на Украінскім фронце, штурмаваў Берлін, за што быў удастоены дзяржаўных узнагарод”. Такім чынам, былы начальнік Барысаўскай паліцыі і ўдзельнік расстрэлаў савецкіх людзей, хоць яго даўно ўжо няма на гэтым свеце, яшчэ і зараз дэ-факта з’яўляецца “савецкім патрыётам”. Яго родзічы, калі яны ёсць, могуць ім па праву ганарыцца…

З 27 снежня 1941 года ў штат службы бяспекі была пераведзена і Барысаўская турма. Начальнікам яе ў той час быў Нікіцін Ясон, які памёр зімой 1942 года ад запалення лёгкіх. (Былы супрацоўнік НКУС Шышла К. С. сведчыць, што як быццам да вайны начальнікам турмы працаваў нейкі Яндсон, але ў 1938 годзе ён быў звольнены з органаў. Можа гэта быў Нікіцін Ясон?). Пасля яго турму ўзначальваў Кішкурна(ы) Іван, а пазней былы камуніст Хвораст(аў) Іван, які пачынаў службу ў немцаў з 1941 года ў якасці камандзіра ўзвода трэцяй роты “Стражы” г.Барысава. Штат турмы складаўся з 16 чалавек: 12 ахоўнікаў, 2-х надзіральнікаў, начальніка і яго намесніка. Ім абаім яшчэ падпарадкоўваўся гэтак званы “пісьмавадзіцель”. У свой час у нямецкай турме верай і праўдай служылі ў якасці ахоўнікаў Васіль Ермачонак, Антон Саковіч, Шыдлоўскі Андрэй, Карташоў Іван, Качан Цімафей, нехта Палонскі і іншыя здраднікі Радзімы. (Са слоў былога партызана І.Н.Бараулі нейкі час у ёй хаваліся ад расправы з боку сапраўдных падпольшчыкаў з групы Барыса Качана таксама “падпольшчыкі” М.І.Прырыз і А.С.Малевіч). Служба аховы парадку на раёне ўжо ў сярэдзіне 1942 года налічвала каля 1000 чалавек, у горадзе Барысаве было тады крыху больш за 400 паліцаяў. У маім распараджэнні маюцца больш падрабязныя звесткі з асабістага архіва былога партызана брыгады “Дзядзькі Колі” Данііла Фролавіча Капыткова аб некаторых былых савецкіх грамадзянах, якія ўзначальвалі Барысаўскую паліцыю і прымалі непасрэдны ўдзел у многіх карных аперацыях супраць жыхароў горада Барысава і раёна. Адным з іх быў Кабак(оў) Філя (Філірым, у некаторых крыніцах “Феафіл”) Кірылавіч. Ён нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Стайкі (зараз пасёлак Першамайскі) Неманіцкага с/с Барысаўскага раёна. Маці Філі Хіна была яўрэйкай, якая прыняла хрысціянства, калі выходзіла замуж (у 17гадоў) за яго бацьку Кірылу яшчэ да Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Па хрышчэнні яна атрымала імя Ніна. Бацька яе, Філірым, быў некалі мясцовым равінам. Пасля службы ў царскай арміі бацька Філі да самай рэвалюцыі працаваў ураднікам у паліцыі і меў чын фельдфебеля. У 1935 (ці ў 36-м?) годзе яго, як класава варожага элемента, арыштавалі НКУСаўцы і адправілі ў ссылку, адкуль ён не вярнуўся. Кірыла, па словах суседзяў, “быў панурым, але не балбатлівым чалавекам, стараўся гадаваць дзяцей”. А іх было аж пяцёра: Філя, Ліда, Жорж, Пеця і Жэня. Лёс усіх дзяцей Кірылы Кабакова склаўся па-рознаму: напрыклад, Ліда ўсё жыццё працавала на “трапачнай” (на Белкаапсаюзе) і не ўмешвалася ў палітыку, жыла ў Стайках. Пеця, пасля таго як стаў інжынерам, жыў і працаваў у Рыбінску (у Расіі), Жорж, як і Феафіл-Філірым, служыў у час вайны ў паліцыі (жыў у Стайках). Жэня быў прызваны ў Чырвонае войска і не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Філірым Кабакоў яшчэ ў канцы 20-х гадоў скончыў 7 класаў агульнаадукацыйнай школы, працаваў у Барысаве на ФЗК імя Кірава спачатку рабочым, а пасля таго як атрымаў калецтва левай рукі (аднялі пальцы), там жа загскладам. Быў у камуністычным саюзе моладзі. У 1931 годзе ён ажаніўся на Крышталь Вользе Сцяпанаўне, 1907 г.н., якая таксама тады працавала на запалкавай фабрыцы. Жылі маладажоны ў Барысаве. Пазней Кабакоў Філірым Кірылавіч нейкі час працаваў загадчыкам магазіна ў г.Барысаве, потым стаў старшынёй Зембінскага сельпо, дзе жыў адзін, без сям’і, якая ў гэты час знаходзілася ў в.Стайкі ў бацькоў яго жонкі Крышталь В.С. У Зембіне Філя Кабакоў заляцаўся да дзяўчыны па імені Рыва. Наогул, ён быў аматар выпіць і пагуляць – увесь час здраджваў сваёй жонцы. Пазней, у гэтай сувязі, яны скасавалі свой шлюб, ад якога к таму часу нарадзілася двое дзяцей: сын (?) 1940 года і дачка Ліда 1933-га. (Другую жонку Кабакова, з якой ён сышоўся, хутчэй за ўсё, у час вайны і ў якой ён некалі быў хросным бацькам, звалі Марыя. Яна была на 10 гадоў маладзей за яго). Перад самай вайной, у 1940 годзе, Ф.К.Кабакова прынялі кандыдатам у члены ВКП(б)Б. Калі пачалася вайна, Кабакоў Філірым эвакуіраваўся разам з усімі, але даехаў толькі да Оршы. Там зламалася аўтамашына, і ён вярнуўся да сваёй былой жонкі і сям’і ў вёску Стайкі. Нейкі час (можа з месяц-паўтара) ён жыў ціха, займаўся хатняй гаспадаркай.

Бургамістр Зембінскай воласці Эгаў Давід Давідавіч у пачатку жніўня 1941 года прыслаў за ім чалавека з просьбай, каб Філірым прыбыў да яго ў Зембін, а калі не дачакаўся Кабакова, прыехаў за ім у вёску Стайкі сам. Аб чым яны ў той дзень гаварылі, невядома, але Кабакоў з’ехаў разам з Эгавым у мястэчка Зембін, дзе ён да гэтага дзевяць гадоў жыў і працаваў старшынёй сельпо да вайны і дзе ўсе добра ведалі яго і ён таксама ведаў усіх, і паступіў на працу ў толькі што ўтвораную паліцыю радавым паліцэйскім. Бургамістр Зембінскай воласці Д.Д.Эгаў, якога хутка павінны былі перавесці на пасаду начальніка акружной паліцыі г. Барысава і раёна, прапанаваў Філірыму Кабакову заняць месца бургамістра воласці, як толькі яно стане вакантным. Апошні згадзіўся на гэта. З гэтага моманту пачалася нядоўгая кар’ера здрадніка і ката зембінскіх і барысаўскіх яўрэяў Філірыма Кірылавіча Кабакова. Зембінскіх яўрэяў, якія жылі ў гета па вуліцы Гацкай, расстрэльвалі 13 і 17 жніўня 1941 года. За некалькі дзён да расстрэлу яўрэяў зембінская паліцыя, якую тады разам з Эгавым узначальвалі браты Серыкавы Пётр Іванавіч і Іван Іванавіч (Іван быў начальнікам, а Пётр яго намеснікам), у пачатку жніўня прыгнала на месца будучага пакарання смерцю яўрэяў (у Загорным) некалькі дзесяткаў мужчын з гета. У лесе яны павінны былі вырыць дзве велізарныя ямы, як быццам для таго, каб у іх закапаць неразарваныя снарады, бомбы, міны і іншы непрыдатныя для далейшага выкарыстання ваенны рыштунак, якія ўжо былі падабраны ў наваколлях мястэчка Зембін і загадзя прывезены сюды. Для спуску ў абедзьве ямы-магілы, якія былі выкапаны прыкладна за тыдзень, з абодвух іх канцоў былі зроблены прыступкі. Кожная яма была больш 20 метраў даўжынёй, шырынёй каля трох і глыбінёй да двух метраў. Калі настаў дзень расстрэлу, яўрэяў партыямі прыкладна па 100 чалавек забіралі з гета і пад канвоем 2-3-х паліцэйскіх гналі ў лес да ўжо гатовых ям. Там людзей прымусілі спускацца па прыступках на дно магіл і загадвалі класціся ў іх на зямлю тварам уніз. Філірым Кабакоў, Давід Эгаў, браты Серыкавы Пётр і Іван, Мікалай Паляшчук – былы настаўнік Зембінскай школы, а з канца жніўня 1941 года бургамістр і нач. паліцыі Зембіна, паліцаі Ярашэвіч і Харытановіч, якія паслядоўна былі бургамістрамі і начальнікамі паліцыі Зембіна пасля гібелі Палешчука ў снежні 1942 года, а таксама іншыя здраднікі Радзімы (прозвішчы іх маюцца ў архіве), пад наглядам нямецкіх інспектараў-інструктараў, якія прыбылі палюбавацца відовішчам расстрэлу людзей аж з Барысава, прыводзілі ў выкананне смяротныя прыгаворы ні ў чым непавінных людзей, страляючы ім у спіну ці ў патыліцу. За два дні яны загубілі амаль 1000 чалавек яўрэяў, у тым ліку мужчын, жанчын, старых, дзяцей (нават немаўлят). Прычым, апошніх закопвалі зямлёй яшчэ жывымі. 17 жніўня 1941 года, адразу ж пасля расстрэлу яўрэяў, паліцыя прымусіла закопваць магілу з ахвярамі Халакоста таксама мясцовых жыхароў вёскі Зембін. Некаторыя з іх, ужо ў наш час, сведчылі, што, калі яму засыпалі зямлёй, некаторыя цяжка параненыя людзі былі яшчэ жывыя і нават пазнавалі сваіх суседзяў-аднавяскоўцаў. Былая (першая) жонка Філі Кабакова Вольга Сцяпанаўна Крышталь у размове з Д.Ф.Капытковым некалі растлумачвала, што ў той час, “калі расстрэльвалі зембінскіх яўрэяў, Кабакоў хаваўся”. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці таму, што тады Філірым ужо быў паліцэйскім Зембінскай паліцыі і, хочаш не хочаш, павінен быў даказваць сваю адданасць новым гаспадарам-немцам, а таксама тое, што ён “адпавядае” будучай крывавай пасадзе бургамістра, якую яму паабяцаў Эгаў Д.Д. Вось і “падпольшчык” М.І.Прырыз, як чалавек блізкі да “кампетэнтных колаў”, дзе ён “круціўся” да жніўня 1943 года, паведамляе: “У першых чыслах верасня месяца 1941 года быў назначаны начальнікам паліцыі Зембінскай Кабакоў, які ўсіх яўрэяў расстраляў...” (Справа ў тым, што кожны бургамістр Зембінскай воласці сумяшчаў гэтую пасаду з пасадай начальніка паліцыі).

Пазней, дзесьці ў сярэдзіне 1942 года, Кабакоў быў пераведзены на працу ў паліцыю г. Барысава і стаў яе начальнікам. Начальнік паліцыі Кабакоў Філірым да сваёй гібелі позняй восенню 1943 года жыў разам са сваёй другой жонкай Марыяй у г. Барысаве на вул. Паштовай, непадалёку ад будынка гарадской паліцыі, якая была прыкладна на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца кінатэатр “Радзіма”. Кабакоў, будучы ўжо начальнікам паліцыі, зрэдку прыязджаў на сваёй службовай аўтамашыне ў вёску Стайкі да сваёй маці Ніны Філірымаўны і да былой жонкі і дзяцей, прывозіў прадукты харчавання і адзенне. У вайну Філя Кабакоў нават пабудаваў у Стайках вялікі дом, дакладней, паставіў зруб дома і накрыў яго дах жалезам. Людзі расказваюць, як аднойчы немцы, убачыўшы маці Кабакова Ніну Філірымаўну, з крыкамі: “Юдэ, юдэ!” затрымалі яе, але тут жа адпусцілі, даведаўшыся, што яна маці начальніка паліцыі. У вядомай кнізе Тактагалі Жангельдзіна “Партызанскія паходы”, выдавецтва “Жазушы”, Алма-Ата, 1969 г. прыводзяцца звесткі пра Кабакова Філірыма. За верную службу немцам Філя атрымаў званне афіцэра (обер-лейтэнанта) вермахта і з рук самаго Гітлера нямецкі Жалезны Крыж 2-й ступені. З гэтай нагоды ён нават сам асабіста лётаў на самалёце ў Берлін. Але ў другой палове 1943 года Кабакова як падмянілі: ён пачаў усімі праўдамі і няпраўдамі ўхіляцца ад баявых дзеянняў супраць партызанаў. Магчыма, гэта было звязана з тым, што ў верасні 1943 года (паводле звестак з архіва Д. Ф. Капыткова) адбылася сустрэча партызан брыгады імя Кірава з начальнікам паліцыі Кабаковым ля вёскі Ланкаўшчына ва ўрочышчы “Кунцэвічава паляна”. Тады, як паказвае адзін са сведкаў, Кабакоў быў апрануты ў цывільны касцюм і прыбыў на сваёй легкавой аўтамашыне без аховы. У якасці знака прымірэння ён прывёз і падараваў партызанскім парламенцёрам дзве нямецкія вінтоўкі. Пры гэтым сказаў: “Жадаю бачыць начальства вышэй...” Але камісар брыгады Кірава Панкевіч у той раз на сустрэчу з Кабаковым спазніўся. У час перагавораў на пытанне, чым ён можа дапамагчы партызанам, Кабакоў адказаў, што калі б яму далі чалавек 150 добрых хлопцаў, то яны разам з паліцэйскімі маглі б гадзіны дзве-тры дзейнічаць у горадзе Барысаве. Пры гэтым ён вельмі хваляваўся, гаварыў партызанам, што ён сам сябе можа выкрыць гэтай сустрэчай і хутка з’ехаў... Т. Жангельдзін у сваёй кнізе расказвае аб выпадковай сустрэчы начальніка разведкі бр. “Дзядзькі Колі” Уладзіміра Рудака з Кабаковым на кватэры бургамістра Парабковіча, якая наўрад ці мела месца. На сустрэчы Кабакоў як быццам сказаў, што ён не можа далучыцца да партызан, бо ўсё адно народ яму не даруе, але тут жа заявіў, што з партызанамі ён больш не ваюе... Кабакоў Філірым Кірылавіч загінуў у лістападзе 1943 года, калі група карнікаў рухалася на аўтамашынах па дарозе з раёна Пяліка, хутчэй за ўсё, у бок Барысава. Група партызан, якая складалася з 15 чалавек, пад кіраўніцтвам камандзіра ўзвода П.С.Каваленкі, атрада імя Варашылава, брыгады імя П.К.Панамарэнкі, ля былой вёскі Будзенічы з трох кулямётаў і стралковай зброі абстраляла нямецкую аўтакалону з лесу, з засады, і хутка адышла, не панёсшы страт. Пры гэтым у аўтакалоне былі забіты некалькі паліцаяў і іх начальнік Кабакоў. Адна з куль, выпушчаных партызанамі, трапіла яму прама ў сэрца. Так закончылася жыццё гэтага здрадніка і ката, былога кандыдата ў члены ВКП(б)Б Філірыма Кірылавіча Кабакова, які сам асабіста забіў больш двухсот чалавек. Былога начальніка паліцыі г. Барысава хавалі ў цывільнай вопратцы, труна з яго целам нейкі час стаяла ў яго кватэры па вул. Паштовай. У ваннай у гэты час адмакала яго прабітая кулямі, скрываўленая нямецкая афіцэрская форма. У царкве ў імя Андрэя Юродзівага, над ракой Схой (зараз гэта Газетны завулак), куды з яго кватэры даставілі труну з целам Кабакова і дзе яна стаяла амаль што суткі, яго адпявалі шэсць праваслаўных папоў. Увесь гэты час ля труны стаяў ганаровы каравул з паліцэйскіх г. Барысава. Кабакова пахавалі па хрысціянскаму абраду на могілках “Барок” паблізу ад дарогі. Яго жонка Марыя прычытала: “Філечка!.. Філечка!..” На магіле Кабакова паставілі шасціканцовы крыж і напісалі на ім імя і прозвішча нябожчыка, год нараджэння і смерці. Людзі гаварылі, што пасля пахавання ў яго кватэры быў багаты памінальны стол, які ламаўся ад смажанай парасяціны...

Другой значнай фігурай з таго ж шэрагу катаў з’яўляецца Давід Давідавіч Эгаў (Эгоф). Ён з’явіўся ў мястэчку Зембін перад вайной у 1940 годзе (можа, крыху раней). Эгаў быў хударлявы, даўгі і руды, вочы вылупленыя, страшныя. Давід Давідавіч пачаў працаваць у Зембінскай СШ, выкладаў нямецкую мову, якую ён вельмі добра ведаў (дзесьці я нават чытаў, што Эгаў па паходжанню быў немцам з Паволжжа, але яго імя і імя па бацьку, даюць некаторыя падставы сумнявацца ў гэтым). Калі ён упершыню з’явіўся ў класе, вучні яго спалохаліся і не захацелі з ім размаўляць. Эгаву прыйшлося ісці ў настаўніцкую за дырэктарам. Давід Давідавіч пасяліўся ў мястэчку Зембін непадалёку ад школы на кватэры ў яўрэяў (сапраўдныя нацысты, да якіх можна ніколькі не сумняваючыся аднесці і Д.Д.Эгава, у адпаведнасці з законамі Трэцяга рэйха аб расавай сегрэгацыі, ніколі, ні пры якіх абставінах не жылі ў адным памяшканні з яўрэямі). Падтрымліваў сяброўскія сувязі з Мойшам Лейкіндам, Рывай Харык і некаторымі іншымі вучнямі таго класа, у якім ён выкладаў нямецкую мову (магчыма таксама, і гісторыю). Ён потым сам, уласнымі рукамі, расстраляў іх у Загорным. Эгава, які быў членам УКСМ, у школе выбралі сакратаром камсамольскай ячэйкі. Адзін са сведкаў, які добра ведаў Эгава да вайны, прыводзіць такі дзіўны факт: калі на камсамольскім сходзе вучні і настаўнікі крытыкавалі Эгава за няправільныя адзнакі, ён ад сораму нават плакаў. Перад самай вайной Эгава прынялі кандыдатам у члены ВКП(б)Б і назначылі дырэктарам Зембінскай сярэдняй школы. Калі прыйшлі немцы, Д.Д.Эгаў адразу ж пайшоў да іх на службу ў якасці бургамістра Зембінскай воласці і начальніка местачковай паліцыі. Але на гэтай пасадзе ён прабыў нядоўга – пасля расстрэлу ўсіх зембінскіх яўрэяў, ужо ў пачатку верасня 1941 года ён становіцца начальнікам акружной паліцыі горада Барысава і раёна. У горадзе Барысаве Эгаў са сваёй вельмі прыгожай шаснаццацігадовай жонкай Нонай, былой вучаніцай той школы, у якой ён некалі працаваў настаўнікам, жыў па вуліцы Ганчарнай у вялікім драўляным доме (дом стаяў прыкладна там, дзе зараз дзіцячы садок). Барысаўская паліцыя пад кіраўніцтвам Эгава прыняла самы актыўны ўдзел у расстрэле сямі тысяч барысаўскіх і трох тысяч яўрэяў з Заходняй Еўропы восенню 1941 года ў рове за горадам. Д.Д.Эгаў са сваімі падручнымі вясной-летам 1942 года таксама расстраляў усіх барысаўскіх цыганоў, жабракоў і значную частку камуністаў. Усе тры гады барысаўская паліцыя пад началам Эгава ў раёне палігона ўдзельнічала ў масавых расстрэлах савецкіх грамадзян, арыштаваных па падазрэнню ў сувязях з партызанамі. На руках Давіда Давідавіча кроў соцень нявінных людзей (аб гэтым можна прачытаць у кнізе “Памяць” на стар. 328-321). За заслугі перад немцамі, як і Кабакоў, былы кандыдат у члены ВКП(б)Б Эгаў ад сваіх гаспадароў атрымаў званне афіцэра вермахта (быў гаўптманам ці нават маёрам), а таксама Жалезны Крыж 2-й ступені і некалькі іншых нямецкіх узнагарод. У 1944 годзе ён уцёк разам з немцамі на Захад. Але пасля вайны, у пачатку 1947 года, Д.Д.Эгаў быў выкрыты і арыштаваны органамі дзяржбяспекі СССР недзе дзесьці ў Прыбалтыцы і этапіраваны ў г.Менск. Пасля заканчэння следства ён атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Свой тэрмін зняволення Эгаў адбываў недзе ў Варкуце, але ўжо ў 1972 годзе зноў з’явіўся ў г. Барысаве. Нейкі час ён збіраў даведкі, як быццам для атрымання пенсіі ці выезду за мяжу. Дакладна вядома, што Эгаў у Барысаве наведваў сваю радню з боку былой жонкі Ноны (нейкага Пліско Мікалая), якая жыла тады ў старой частцы горада. Там жа, хутчэй за ўсё, увесь пасляваенны час жыла і яго дачка Іра Эгава. Пабываў ён таксама і ў нейкай сваёй радні з боку жонкі ў вёсцы Зембін. Ва ўсякім выпадку людзі яго там бачылі. Мабыць, не забыў ён пабываць і на дарагіх яго сэрцу месцах расстрэлаў ім і яго памагатымі савецкіх людзей. Ёсць звесткі, што Эгаў пасля наведвання мясцін, звязаных з ваеннай маладосцю, выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Германію (ФРГ), дзе, магчыма, пражывае і сёння...

24 сакавіка 1942 года гаррайуправа была рэарганізавана і раздзялілася на дзве самастойныя часткі – гарадскую і раённую ўправы. Пры гэтым раённая ўправа засталася на вуліцы Менскай у доме №20 (каля касцёла), дзе і была з самага пачатку, а гарадская размясцілася на праспекце Рэвалюцыі (па некаторых звестках, у будынку цяперашняга райсабеса). Раённай управай прадаўжаў кіраваць былы начальнік горада і раёна доктар Станіслаў Станкевіч, гарадскую ўзначаліў Ярэміч Фёдар.З 21 лістапада 1942 года начальнікам гаруправы, або бургамістрам г. Н-Барысава, стаў нехта Фелікс Вэвель (з мясцовых немцаў). Частку людзей, прынятых у свой час на працу ў шматлікія аддзелы гаррайуправы, пры яе раздзеле на дзве самастойныя адзінкі, доктар Станкевіч “скараціў”, другую частку іх перавялі ў гарадскую (нанава створаную) управу.

У абедзвюх управах быў створаны цэлы шэраг аддзелаў па ўзору савецкіх выканаўчых органаў, гэтак званыя: харчовы, здраўаддзел, гаргандальаддзел (там працаваў нехта Кавальчук, які быў правакатарам), прамысловы, або індустрыяльны (там інспектарам з 01.04.1942 г. працаваў Кузьміцкі Мікалай), а таксама прапаганды (у гэтым аддзеле пры райуправе з 11.03.1943 г. інспектарам працаваў Хоміч Васіль, які пачынаў службу ў немцаў з паліцыі), зямельны (у райуправе) узначальваў Яшчанка, фінансавы (начальнікам быў І. Цыгановіч), рэгістрацыйны (ці пашпартны стол), працы, (якому падпарадкоўвалася г.зв. біржа працы) і іншыя аддзелы. Напрыклад, начальнікам біржы працы ва управе, або бюро па працаўладкаванню насельніцтва, быў нехта Батракоў, яго намеснікам там (з канца лістапада 1941 года па лістапад 1942 года) працаваў нехта Гур’янаў Мікалай Аляксандравіч, які жыў у г. Барысаве па вул. Паштовай у д. №105. За хабарніцтва ён быў кінуты немцамі ў канцлагер, дзе прасядзеў роўна год. Пасля таго, як ён быў выпушчаны на волю, Гур’янаў зноў вярнуўся ў Барысаў, але працаваць не хацеў: піў, займаўся махлярствам, бавіў час з жанчынамі лёгкіх паводзін. Нарэшце ён выехаў дабравольцам на працу ў Германію. На гэтай жа біржы працы, у аддзеле па адпраўленню на працу ў Германію, “пасрэднікам” працаваў (яшчэ ў лютым 1942 года) Нядзвецкі Вікенцій П., (жыў на вул. Другой), які знаходзіўся ў непасрэднай службовай залежнасці ад Гур’янава М. А. Там жа, у “Рабочым бюро”, працаваў у якасці служачага Казыра Аляксандр Варфаламеевіч, які нарадзіўся ў Халопенічах у 1924 годзе, яго бацька, былы член ВКП(б)Б, Казыра Варфаламей Іванавіч працаваў пад началам ужо вядомага нам Эгава Д.Д. старшым следчым 2-га аддзела паліцыі бяспекі (СД). Дзядзька Аляксандра (родны брат Варфаламея) Казыра Васілій Іванавіч, 1887 г. н., у сваю чаргу, у акупацыю служыў у паліцыі, (пражываў па вул. Менскай у д. №148). Ж. Гілевіч у кнізе “Памяць” на стар. 304-305, паводле успамінаў Р.Н.Мачульскага, прыводзіць вельмі падрабязныя звесткі аб ім. Калі верыць Герою Савецкага Саюза і камандуючаму партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны Р.Н.Мачульскаму, В.І.Казыра працаваў у СД па заданню партызан. Тым не менш, адразу ж пасля вызвалення горада Барысава ад акупантаў, нягледзячы на тое, што ў яго ўжо была даведка штаба партызанскай брыгады аб удзеле ў партызанскім руху на Барысаўшчыне, ён быў арыштаваны органамі НКУС і атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін свой Казыра В. І. адбываў у Горкаўскай вобласці, у Суха-Бязводненскім лагеры для былых паліцаяў і калабарацыяністаў. У 1952 годзе ён атрымаў ад савецкай улады медаль “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені, а пазней і іншыя ўзнагароды за вайну. Але ў спісы Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля, нягледзячы на свае заслугі перад партызанамі, ён так і не папаў, хаця ў Барысаўскім краязнаўчым музеі, дзякуючы Жане Гілевіч, ён навечна “замацаваўся”, як падпольшчык па клічцы “Сокал”. Мне давялося азнаёміцца з асабістай “біяграфіяй” Варфаламея Іванавіча, якая ёсць у музеі. Дык вось, у ёй няма ніводнага слова аб тым, што Казыра ў час вайны працаваў у акружной паліцыі ст. следчым СД – толькі сціпла напісана, што ён у акупацыю “звязаўся з партызанамі, а потым актыўна працаваў у брыгадзе ім. т. Панамарэнкі связістам” (так у тэксце, – В.Р.) Р.Н.Мачульскі, напрыклад, паведамляе, што Казыра меў сувязь з п/б “За Радзіму”. Дарэчы, памёр Варфаламей Іванавіч у 1973 годзе. Яго і зараз многія памятаюць і паважаюць, як падпольшчыка і партызана, хаця ён у партызанах не быў ніводнага дня. Але працягнем расказ пра аддзел працы управы. Значна пазней там працаваў таксама нехта па прозвішчы Гавака, які як быццам аказваў нейкія паслугі партызанскай разведцы. Дарэчы, ужо з канца 1942 года немцы выдавалі родзічам грамадзян, дабравольна выехаўшых на працу ў Германію, копіі загадаў аб тым, што апошнія, як быццам “угнаны сілай”. Гэта рабілася для таго, каб выратаваць іх ад помсты партызан. Яшчэ нямецкія ўлады плацілі ім кожны месяц кампенсацыю ў суме 200 савецкіх рублёў. Пры гаруправе з першых дзён яе існавання была ўтворана друкарня. Яе начальнікам быў Паўлоўскі Мікалай, намеснікам жа начальніка жылзбыту (мабыць, жылкамунгаса?) працаваў нехта Шыдлоўскі. У аддзеле прапаганды гаруправы, здаецца, рэдактарам газеты “Новы шлях” працаваў былы інструктар гаркама партыі Караткевіч. Парабковіч П.Ф. пасля раздзелу райгаруправы на дзве самастойныя адзінкі застаўся працаваць у райуправе пад непасрэдным кіраўніцтвам доктара Ст. Станкевіча на пасадзе начальніка прамысловага аддзела, (з’яўляючыся адначасова і членам Барысаўскага грамадскага самакіравання). Але на пасадзе начпрамаддзела Пётр Фаміч прабыў не доўга. З 1 траўня 1942 года ён ужо зам. начальніка Барысаўскага раёна Станкевіча. (Тады ж Наронскі быў адазваны ў бок Смаленску, а Данілевіч пераведзены на працу ў Халопенічы). Аб якой-небудзь сувязі Парабковіча з партызанамі і падпольшчыкамі ў гэты перыяд яго дзейнасці мне невядома, бо хутчэй за ўсё яе і не было. Па-першае, таму, што партызанскі рух у Барысаўскім і суседніх з ім раёнах толькі-толькі пачынаўся, а па другое, таму, што ў Барысаве ў гэты час не было таго шырокага руху Супраціўлення акупацыі, ці гэтак званага “партыйна-патрыятычнага падполля”, (аб якім, у прыватнасці, пісалі “бальшавіцкія летапісцы” Грабоўскі і Гапееў яшчэ ў 1966 годзе), бо наступным “кіраўніком” яго (пасля гібелі І. А. Яраша 26.02.1942 г.), толькі з 05.10.1942 г., як быццам, стаў П.А.Жуковіч, а потым з 30 красавіка 1943 года ўжо А.І.Белісаў (фактычна ж абое сталі “кіраўнікамі” Барысаўскага падполля з 1966 года “на паперы”). А якое ж падполле (па бальшавіцкай логіцы!) можа існаваць без чулага кіраўніцтва ім з боку партыйных органаў?! Адсюль вынікае наступнае: калі не было “партыйнага” кіраўніцтва, то не існавала і падполля... Ці можа не так? – Але гэта пытанне рытарычнае, і яно хутчэй за ўсё застанецца без адказу таму, што тыя носьбіты камуністычнай ідэалогіі, якія ў свой час яго “паднялі”, ці можа даўно памёрлі, ці наогул ужо не памятаюць, аб чым яны гаварылі і пісалі ў 1966 годзе, калі імі стваралася легенда аб “шырокім партыйна-патрыятычным” руху ў г. Барысаве і Барысаўскім раёне. Але прадоўжым размову пра “падпольшчыка” Парабковіча. Цікавым асабіста для мяне ў яго біяграфіі з’яўляецца толькі той факт, што Парабковіч “дайшоў” да такой высокай пасады, як нам. начальніка раёна ўсяго за 10 месяцаў службы ў немцаў. Каб трапіць на пасаду бургамістра, патрэбна было служыць новым гаспадарам вельмі і вельмі добра, бо ні партызаны, ні падпольшчыкі ні ў 1941-м, ні ў 1942-м годзе яшчэ не маглі “паслаць” яго на працу ва ўправу. Па той простай прычыне, што іх да сярэдзіны 1942 года ў Барысаве і раёне фактычна і “не было”. На самой справе, невялічкія партызанскія групы, якія складаліся ў асноўным з “прыпіснікоў” – былых ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, партыйных і савецкіх работнікаў, у свой час зарэгістраваных нямецкімі органамі ўлады, якім у першую чаргу пагражала рэальная небяспека аказацца ў нямецкім канцлагеры, ужо з вясны 1942 года ў лесе былі. Але яны амаль што бяздзейнічалі, калі не лічыць шырокіх рэквізіцый прадуктаў харчавання ў мясцовага насельніцтва), бо не мелі дастаткова зброі, а таксама дасканалага кіраўніцтва і сувязі з Масквой. Толькі ў другой палове таго ж года арганізацыйна аформіўся і пачаўся шырокі рух Супраціўлення акупацыі ў Беларусі, якім кіравалі з Масквы Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам і БШПД на чале з П.З.Калініным. Узнікненне шырокага партызанскага руху пацягнула за сабой утварэнне і адпаведнай агентурнай сеткі партызан, ці гэтак званага “падполля” ў гарадах і вёсках краіны, дзе размяшчаліся значныя гарнізоны немцаў. Гэтыя дзве з’явы, партызанскі рух і падполле, былі абумоўлены адной прычынай – акупацыяй і існавалі пастолькі, паколькі вынікалі адна з другой. Прычым толькі ў наступнай паслядоўнасці: з’явіліся партызаны – узнікла падполле, не было партызан – не існавала падполля (у сэнсе сапраўды шырокага патрыятычнага руху!). Чытачам і ўсім грамадзянам патрэбна нарэшце зразумець, што падполле, гэта не якая-небудзь выпадковая плынь, ці стыхія, якая незалежна ад людскіх пачуццяў узнікала і захоплівала ўсіх запар, а потым імкнула за сабой – гэта была сапраўды патрыятычная плынь, якая была запатрабавана часам, дакладней, зменамі ў ім, і існавала толькі пэўны час, г. зн. датуль, пакуль існаваў партызанскі рух. Калі колькасць груп НКУС, якія закідваліся з Масквы на Беларусь праз лінію фронта на самалётах, а часцей пешшу цераз “Суражскія вароты”, стала дастатковай і крытычная маса ўзброеных дыверсантаў разведаддзела Заходняга фронта і Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б у лясах нашай краіны з вясны 1942 года рэзка павялічылася, немцы адразу ж адпаведна адрэагавалі на гэта. Яны пачалі шырокія рэпрэсіі супраць былых камуністаў, савецкіх работнікаў і ваеннаслужачых (у большасці выпадкаў былых ваеннапалонных), якія да гэтага часу знаходзіліся на легальным становішчы і нічым не пагражалі акупантам. Гітлераўцы і іх памагатыя добра разумелі, што хутка партызанскаму руху, які рос і пашыраўся на вачах, спатрэбяцца рэкруты, а таксама вочы і вушы ў іх стане. І яны прымалі прэвентыўныя меры, каб пазбавіць гэты рух яго сацыяльнай базы (людзей!), без якой яго існаванне было б немагчымым. Гэта, у сваю чаргу, справакавала ўцёкі ў лес вялікай колькасці тых, каму заставацца ў гарадах і вёсках пад акупацыяй ужо было смяротна небяспечна. Уцекачы ад расправы з боку немцаў і сталі спачатку асноўнай сілай партызанскіх атрадаў і брыгад, напрыклад, такіх, як брыгады “Дзядзькі Колі”, якая, фактычна, утварылася на базе групы НКУС “Бясстрашныя”, “Разгром”, імя Шчорса і іншых. Не магло быць у Барысаве і раёне, як я лічу, “шырокага партыйна-патрыятычнага падполля з першых дзён акупацыі”, г. зн. у пачатку вайны, як сцвярджаюць у сваіх “творах” С.Грабоўскі, Я.Гапееў, В.Пашкевіч, Ж.Гілевіч і іншыя, бо яно яшчэ нікому тады не было патрэбна. Дакладней, партызанскі рух у раёне да вясны 1942 года быў яшчэ зусім нязначны, к таму ж падтрымкай шырокіх слаёў насельніцтва ён не карыстаўся і пагэтаму з’яўляўся, па сутнасці сваёй, “арганізаваным бандытызмам”. А тое, што некаторыя грамадзяне на свой страх і рызыку з самага пачатку акупацыі спрабавалі нешта рабіць: збіраць зброю, агітаваць супраць немцаў і іх памагатых, здзяйсняць нейкія дыверсіі і г. д. – ніяк нельга называць шырокім патрыятычным рухам. Таму што абсалютная большасць людзей, якія пражывалі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, яшчэ баяліся выступаць супраць іх ці адносіліся да акупантаў лаяльна і рух Супраціўлення акупацыі не падтрымлівалі, а хутчэй наадварот – даносілі ў гестапа на яго ініцыятараў. Таму тыя, хто выступіў супраць акупантаў без сувязі з партызанамі і з савецкай разведкай, без шырокай падтрымкі насельніцтва горада і раёна, г.зн. на свой страх і рызыку, адразу ж былі выкрыты гестапа і СД і амаль ўсе загінулі. А легенды пра “шырокае падполле медыкаў” у Барысаве ці пра “змагароў” “ва ўстановах з варожай шыльдай” (такія ёсць і ў Барысаўскім краязнаўчым музеі) – гэта не што іншае, як “байкі пра вайну” носьбітаў бальшавіцкай ідэалогіі, якім у 1966 годзе “пазарэз” спатрэбілася апраўдаць злачынную бяздзейнасць гэтак званых “падпольных партыйных органаў” на працягу амаль цэлага года на акупіраванай немцамі тэрыторыі ўсёй Беларусі. Менавіта ў той момант, калі партызаны пачалі актыўна дзейнічаць, раптоўна, “па асабістай просьбе”, з 5 верасня 1942 года, Парабковіч быў вызвалены ад займаемай пасады намесніка начальніка раёна і след яго ў г. Барысаве на нейкі час згубіўся. Што ж здарылася ў верасні 1942 года і дзе дзеўся “падпольшчык” Парабковіч? Іменна ў гэты час яго праца на пасадзе бургамістра магла б прынесці самы вялікі плён партызанам і падпольшчыкам у справе вызвалення горада і раёна ад акупантаў. На гэтае пытанне (і яшчэ на многія іншыя) мне дапамог знайсці адказы сапраўдны былы барысаўскі падпольшчык з маладзёжна-камсамольскай групы Барыса Качана, а пазней партызан брыгады “Дзядзькі Колі” Барауля Іван Нікіфаравіч (зараз нябожчык). Нейкі час, будучы ў партызанах, ён служыў у разведцы (агентурнай) атрада імя Чапаева пад непасрэдным кіраўніцтвам Уладзіміра Рудака.

Як вядома, у канцы лета 1942 года доктар Ст. Станкевіч з пасады начальніка раёна раптам быў пераведзены на зусім нязначную пасаду інспектара ў аддзел прапаганды (народнай адукацыі), што дае падставы меркаваць, што ён быў немцамі са сваёй работы зняты за нейкія сур’ёзныя ўпушчэнні або недапрацоўкі ў ёй. Адразу ж пасля яго пасаду бургамістра раёна заняў на кароткі тэрмін Парабковіч П.Ф., які, чамусьці не дачакаўшыся зацвярджэння на ёй нямецкай Палявой камендатурай (СД) – (так у дакуменце), таксама перайшоў на другое месца працы. Намеснікам бургамістра, а потым і бургамістрам горада і раёна тады ж стаў Іван Лашчэўскі, які да вайны працаваў юрыстконсультам на ФЗК імя Кірава, у вайну жыў у старой частцы горада па завулку Млыноваму, у доме №2. У нямецкай райгаруправе ён пачаў працаваць таксама ў якасці юрыста, а ўжо з траўня 1942 года займаў пасаду загадчыка архівам рэгістрацыйнага аддзела (пашпартнага стала) раённай управы. Потым, з 15 ліпеня 1942 года да 5 верасня таго ж года, працаваў загадчыкам міравымі судамі Барысаўскага раёна з акладам 800 рублёў у месяц (для параўнання: звычайны паліцэйскі зарабляў 250-300 рублёў, атрымліваў паёк і абмундзіраванне, меў зброю і ўладу над людзьмі, з дапамогай якіх мог іх беспакарана грабіць, таму ў паліцыю, у асноўным, ішлі гультаі і падонкі). Намеснікам бургамістра Івана Лашчэўскага стаў Гуз Мікалай. Галоўным бухгалтарам райуправы з лістапада 1942 года працаваў Павел Данской, бухгалтарам аддзела, які займаўся ўлікам каштоўнасцей, канфіскаваных у расстраляных яўрэяў яшчэ ў канцы лістапада 1941 г., працавала нейкая Лукамская (магчыма, гэта Юлія Іванаўна, якая працавала ў сабесе ўправы і загінула ад рук гітлераўцаў у 1943 годзе). Аддзел статыстыкі райуправы ўзначальвала Ксенія Сцяпанава. Існавала пры райуправе з 30.01.1943 г. і падатковая камісія. Прыбіральшчыцай райуправы амаль усю вайну адпрацавала Карташова Домна. Загадчыкам рэгістрацыйнага аддзела райуправы быў у той час Федарынчык Аляксей Сцяпанавіч. З дакументаў, якія знаходзяцца на захаванні ў адным з архіваў РБ, вядома, што былы настаўнік Замерфельд Яўген Мацвеевіч, які нарадзіўся ў 1912 годзе ў Бабруйскім раёне, таксама працаваў нейкі час у перыяд акупацыі ў адміністрацыйным аддзеле Управы пад “чулым” кіраўніцтвам Федарынчыка. Але апошні, нягледзячы на тое, што “пісьменнік” В.Г.Пашкевіч у кнізе “Над ракой Бярозай” пяе яму дыфірамбы і сцвярджае, што ён іграў у барысаўскім падполлі не “апошнюю скрыпку”, у афіцыйны склад яго так і не ўвайшоў. Дарэчы, вось што піша аб ім у сваёй аповесці “Застануца ў памяці” ўжо другі пісьменнік Л. Карнілаў: “Гэта быў змрочны, азлоблены супраць савецкай улады чалавек. Да вайны ён жыў у Барысаве нелюдзіма, а зараз, прылучыўшыся да начальства, славіўся ў горадзе як наладжвальнік мнагадзённых п’янак і грубых оргій. Гэта быў чалавек, з якім размаўляць было бескарысна. Так лічыў Барыс Качан, так лічылі ўсе, хто ведаў яго”. Але карціна будзе няпоўнай, калі я тут не прывяду ўспаміны грамадзянскай жонкі Аляксея Сцяпанавіча, заслужанай настаўніцы БССР Ржэуцкай Ядвігі Лонгінаўны. Вось што яна піша, звяртаючыся да былога камандзіра брыгады “Дзядзькі Колі” П. Р. Лапаціна: “Федарынчык А.С. да вайны працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў 2-й СШ г. Барысава. Калі пачалася вайна, у войска яго не прызвалі таму, што ён меў “бронь”. Разам з сям’ёй Федарынчык спрабаваў эвакуіравацца, але дайшлі толькі да вёскі Жыцькава, дзе і спыніліся. Калі да Федарынчыка дайшоў загад немцаў “усім вярнуцца на свае рабочыя месцы”, ён пайшоў у Барысаў і ўладкаваўся на працу ў пашпартны стол (ім спачатку нейкі час загадваў былы дырэктар 3-й СШ Бранавіцкі) радавым супрацоўнікам.

Жылі Федарынчыкі ў вайну па вуліцы Барысаўскай у д. №38. Калі Бранавіцкі збіраўся пайсці ў партызаны, ён, са слоў Ржэуцкай, угаварыў Аляксея Сцяпанавіча заняць яго месца начальніка пашпартнага стала Управы. Ядвіга Лонгінаўна піша пра свайго мужа: “Муж аддана дапамагаў Радзіме, чым мог. Сам ён быў вельмі стрыманы, культурны, сціплы, не піў і не курыў. Балоў і гасцей за гады акупацыі мы не прымалі і самі нікуды не хадзілі”. Да гэтага я хачу толькі дадаць, што амаль усю вайну (да свайго арышту немцамі) Федарынчык быў адначасова вулічным старастам па кварталу №4. Паводле пісьма Ржэуцкай да Лапаціна, Аляксей Сцяпанавіч праз бургамістра Парабковіча перадаваў партызанам незапоўненыя бланкі пашпартоў, рознымі магчымымі спосабамі ратаваў моладзь Барысаўшчыны ад угону ў Германію, таксама ратаваў з палону савецкіх ваеннаслужачых і г. д. 21 студзеня 1944 года (у пятніцу) Аляксей Сцяпанавіч выдаў бланкі пашпартоў, падпісаныя ім і бургамістрам Парабковічам, сувязному партызан Грыгорыю Носаву, які ў нядзелю 23 студеня папаў у паліцэйскую засаду, дзе і загінуў. Бланкі папалі ў рукі гестапаўцаў, і ў гэты ж дзень, вечарам, у 19 гадзін, Федарынчык быў імі арыштаваны. Яго спачатку кінулі ў турму, зразумела, дапытвалі там, а потым 6 лютага 1944 года вывезлі ў душагубцы ў раён палігона. Ядвігу Лонгінаўну таксама арыштавалі і адвезлі ў паліцыю, якая была размешчана па вул. Камсамольскай (там зараз фабрыка ГТВ). Ржэуцкую пратрымалі ў паліцыі да 29 студзеня, а потым адпусцілі, таму што яна на допытах цвярдзіла: “...я толькі сужыцельніца, хатняя гаспадыня і нічога не ведаю”. Ржэуцкая ў сваім лісце да Лапаціна гаворыць, што гэтаму таксама дапамагло тое, што ў свой час Парабковіч быццам бы дабіўся ад немцаў таго, што яны пачалі прытрымлівацца ў адносінах да партызанаў і падпольшчыкаў такога правіла: “Адказвае толькі віноўны, а не сям’я!” Але, ведаючы звярыную прыроду фашызму, у гэта паверыць ніяк немагчыма – тым больш, што прыкладаў толькі па гораду Барысаву і раёну больш, чым дастаткова. Добра вядомы чытачам ваеннай літаратуры ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, разведчык-дыверсант Іван Залатар, які змагаўся супраць нямецкіх акупантаў і іх памагатых менавіта ў нашых мясцінах, а потым напісаў аб гэтым кнігу “Запіскі дэсантніка”, упамінае ў ёй А.С.Федарынчыка пад прозвішчам “Трышко” і сцвярджае, што апошні дапамагаў партызанам не з-за свайго сумлення, а з боязні за сваё жыццё. Гэта ж І.Залатар сцвярджае і ў сваіх артыкулах, надрукаваных у газеце “Камуністычная праца” ад 21 і 23 траўня 1964 года пад загалоўкам “Моцныя духам”, а таксама ў артыкуле ад 6 кастрычніка таго ж года “Няхай людзі даведаюцца аб праўдзе”, якія падвергнуць сумненню вельмі цяжка, амаль што немагчыма, бо на карысць А.С.Федарынчыка сведчыць толькі яго сужыцельніца Я.Л.Ржэуцкая, а таксама, калі верыць ёй, даведка Беларускага штаба партызанскага руху ад 24 кастрычніка 1944 года за №ОК/126к/3 пра тое, што Федарынчык з’яўляўся сувязным (гэту даведку я, на жаль, не бачыў). І больш ніхто, а факты рэч упартая... Вось і Т.Жангельдзін у кнізе “Партызанскія паходы” на стар. 221-223, называючы начальніка пашпартнага стала “фашысцкім прыхвастнем” і “халуём”, “абібокам і п’яніцай”, сцвярджае, што ён “адным з першых пайшоў на службу да гітлераўцаў” і г. д. З прачытанага ў кнізе становіцца ясна, што працаваў ён на партызан ад страху за сваё жыццё.

Парабковіч П.Ф., які прабыў на пасадзе намесніка доктара Ст. Станкевіча каля трох месяцаў, нечакана, у канцы лета 1942 года, у сувязі з тым, што Станкевіч быў пераведзены на пасаду школьнага інспектара ў аддзел прапаганды, быў прызначаны немцамі на яго месца выконваючым абавязкі начальніка Барысаўскага раёна. Мабыць таму, што немцы яму давяралі... Нейкім чынам партызанская разведка толькі што ўтворанай (у жніўні 1942 года) брыгады “Дзядзькі Колі” выйшла на яго і, хутчэй за ўсё, улічваючы тыя абставіны, што Парабковіч меў давер у немцаў, таксама тое, што ён не прымаў непасрэднага ўдзелу ў карных аперацыях супраць яўрэяў восенню 1941 года, а таксама, паводле ўспамінаў Прырыза, у расстрэлах “камуністаў, цыганоў і жабракоў” вясной і летам 1942-га, хаця і меў, як нямецкая службовая асоба, нейкае дачыненне да іх смерці, спачатку прапанавала Пятру Фамічу супрацоўніцтва з ёй. Вось што піша аб гэтым Л.Карнілаў у чарнавым варыянце сваіх неапублікаваных запісак: “Валодзя Рудак прыцягнуў на бок партызан намесніка бургамістра Парабковіча. Здавалі нервы ў яго, кожны раз спрабаваў Парабковіч страляць у сувязнога партызан, які прыходзіў ад У.Рудака, але урэшце рэшт пачаў супрацоўнічаць з партызанамі”. Зразумела, Парабковіча папярэдзілі аб тым, што калі ён застанецца на пасадзе начальніка раёна і не будзе дапамагаць партызанам, то і ён, і яго сям’я будуць пакараны. За сябе, як мне вядома, Парабковіч не вельмі баяўся, бо назад дарогі для яго ўжо не было, але ён вельмі любіў сваіх дзяцей, сына і дачку. А партызаны ў той суровы час сродкаў барацьбы з пасобнікамі немцаў і з іх сем’ямі не выбіралі—знішчалі ўсіх “пад корань”. Дапамагаць партызанам Парабковіч не хацеў і не мог таму, што немцы, даведаўшыся аб яго сувязі з імі, расправіліся б з ім самім і яго дзецьмі яшчэ хутчэй, чым партызаны, бо дзецца ад іх не было куды. Але папярэднюю згоду на супрацоўніцтва з партызанскай разведкай ён, каб выжыць у той момант, даў. Нават падпісаў нейкія паперы, гэта значыць, стаў агентам партызан. У гэтай сітуацыі, як мы ўсе разумеем, Парабковіч аказаўся паміж двух агнёў: паміж немцамі і партызанамі, з той толькі розніцай, што пакуль ён верай і праўдай служыў першым, яны нейкім чынам нават гарантавалі яму яго асабістую бяспеку і бяспеку яго сям’і. Партызаны ж такой бяспекі ад немцаў яму гарантаваць не маглі, хаця на словах і абяцалі гэта. Таму Парабковіч, крыху падумаўшы, у канцы лета 1942 года наадрэз адмовіўся прыняць пасаду начальніка Барысаўскага раёна. Ён быў зняты з пасады выконваючага гэтыя абавязкі па асабістай просьбе (у сувязі з нейкай хваробай?!) і пераведены на працу дырэктара ў Барысаўскі зелянгас, дзе і працаваў да вясны 1943 года. Жыў ён у Барысаве з сям’ёй ўвесь час на вуліцы Першай (пазней Спартыўнай, зараз Толсцікава), амаль побач з магістраллю (зараз вуліца Гагарына), у вялікім драўляным доме непадалёку ад знакамітых “Батарэй”, у той час густа паросшых сасновым лесам. Іменна адтуль заўсёды чакаліся (і прыходзілі!) лясныя людзі, якія маглі забіць Парабковіча і яго дзяцей, і пагэтаму патрэбна было шукаць нейкае выйсце з гэтага становішча. І яно было знойдена: Парабковіч, як мяркуе Барауля І.Н., (але гэта толькі версія), парадзіўшыся з сваёй жонкай Варварай, прыняў рашэнне адказацца ад пасады выконваючага абавязкі начальніка раёна. Што і было зроблена. Немцы часова перавялі Пятра Фаміча на пасаду, якая нічым не магла быць карыснай для партызанскай разведкі. Магчыма, як і зараз, толькі дармавымі саджанцамі, трунамі і вянкамі, бо ніякімі сакрэтамі з начальнікам зелянгаса акупанты, зразумела, не дзяліліся.

І вось наступіла вясна 1943 года. З надыходам яе Парабковіч, замест таго, каб рыхтавацца да пасадкі зялёных насаджэнняў ў горадзе, зноў пераходзіць на службу ў нямецкую гарадскую управу, змяніўшы на гэтай пасадзе Фелікса Вэвеля. Што магло падштурхнуць да прыняцця гэтага рашэння паважанага Пятра Фаміча? – “Партызаны, баценька, партызаны...”, – сказаў бы правадыр сусветнага пралетарыяту, калі б дажыў да яго перамогі. Так, менавіта партызаны... Пасля разгрому немцаў пад Сталінградам, калі ў нямецкім і калабаранцкім асяроддзях горада Барысава панавалі ўпадніцкія настроі, партызаны і падпольшчыкі надзвычайна актывізавалі сваю дзейнасць. Менавіта гэты момант, вясну 1943 года, І.Н.Барауля называе дакладным часам паўторнай вярбоўкі партызанскай разведкай П.Ф. Парабковіча. Іван Нікіфаравіч сцвярджае, што ён сам асабіста прысутнічаў пры гэтай падзеі. Дарэчы, падобны момант апісаны ў кнізе Жангельдзіна “Партызанскія паходы” на стар. 183-184. Яна адбывалася ў доме Парабковіча. Праводзіў вярбоўку Пятра Фаміча ў якасці партызанскага агента (не падпольшчыка) асабіста сам начальнік разведкі брыгады “Дзядзькі Колі” Уладзімір Рудак. Ён жа ўзяў у Парабковіча і падпіску пра супрацоўніцтва з партызанамі, каб мець хоць якія гарантыі таго, што агент не здрадзіць. За дапамогу партызанам, як сведчыць І.Н.Барауля, партызаны, звычайна, той сваёй агентуры, якая працавала са страху перад імі, а не з-за свайго сумлення, плацілі вельмі добра нямецкімі фальшывымі рэйхсмаркамі на адзін нумар, вартасцю ў 250 адзінак, якія былі дастаўлены з-за лініі фронта на самалёце ў Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону яшчэ ў пачатку 1943 года. Асобы аддзел брыгады “Дзядзькі Колі” атрымаў гэтых грошы некалькі поўных мяхоў і партызанская разведка карысталася імі, у асноўным, для разлікаў са сваёй агентурай у варожых гарнізонах і апорных пунктах. Як было ў выпадку з Парабковічам на самой справе, я не ведаю, але Іван Нікіфаравіч гаварыў, што бургамістру партызаны давалі грошы таксама.Тады ж, пры паўторнай вярбоўцы, як сцвярджаў некалі І.Н.Барауля, Парабковіч зноў быў папярэджаны аб адказнасці за здраду Радзіме ці наўмысныя шкодныя дзеянні супраць савецкіх патрыётаў – партызаны паабяцалі забіць бургамістра і ўсю яго сям’ю. Сапраўды, калі верыць Бараулю, першае заданне, уладкавацца на працу ў нямецкую ўправу г. Барысава, Парабковіч атрымаў у 1943 г. ад партызан, дакладней, ад самаго Уладзіміра Рудака – начальніка разведкі брыгады “Дзядзі Колі”, а не ў 1941-м ад І.А.Яраша ці падпольшчыкаў. Пры гэтым Барауля ўпэўнены, што дапамагаючы партызанскай разведцы, пачынаючы прыкладна з сярэдзіны 1943 года, Парабковіч кіраваўся зусім не ідэйнымі меркаваннямі ці нават якімі-небудзь патрыятычнымі пачуццямі. Ім валодаў тады толькі страх перад немінуемай помстай партызан або органаў НКУС пасля вызвалення Беларусі, а магчыма, таксама і карысць.

Мабыць, мела таксама значэнне і тое, што ў ліпені гэтага ж года немцы былі разгромлены пад Курскам і пералом у вайне стаў для ўсіх відавочным. Барауля ў сваіх успамінах лічыць, што Парабковіч згадзіўся дапамагаць партызанам, баючыся за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Дарэчы, яго блізкія не здагадваліся пра тое, што з’яўляюцца разменнай картай у гэтай небяспечнай гульні. І нават яго жонка (Глазунова) тады не ведала, што Пётр Фаміч завербаваны партызанскай разведкай, бо іначай, хутчэй за ўсё, ён, як партызанскі агент, быў бы хутка правалены. Пагэтаму Пётр Фаміч пратрымаўся на пасадзе бургамістра горада Барысава аж цэлых 10 месяцаў, а загінуў зусім выпадкова...

“Гітлераўцы лічылі, што Парабковіч добра служыць ім, хаця ён ведаў, што трымаецца дзесьці пасярэдзінцы, не жадаючы быць ні занадта жорсткім, ні занадта гуманным”,– піша пра яго Л.Карнілаў у кнізе “Застануцца ў памяці”. Так, у “Памяці” Ж.Гілевіч, пад рубрыкай “Загінуўшыя падпольшчыкі, партызаны, мірныя жыхары”, Петр Фаміч “застаўся” таксама на старонцы 400-й, а Федарынчык Аляксей Сцяпанавіч на стар. 402-й. Чаму я ўзгадваю гэтыя прозвішчы побач адно з другім? А вось чаму: яны абое пасля арышту немцамі праходзілі па адной справе, якая заключалася ў тым, што Федарынчык перадаў партызанскаму сувязному некалькі незапоўненых бланкаў пашпартоў, на якіх ужо стаяў подпіс бургамістра Парабковіча. Партызан быў выпадкова забіты паліцаямі. У кішэні яго паліто былі знойдзены гэтыя дакументы. Гэту версію ў сваім лісце на імя Лапаціна агучыла некалі грамадзянская жонка Федарынчыка Я.Л.Ржэуцкая, якая назвала імя і прозвішча партызана – Грыша Носаў. Версію падобнага здарэння, апускаючы найбольш інтрыгуючыя падрабязнасці, прапануе ў сваёй кнізе “Застануцца ў памяці” і Л.Карнілаў. У інтэрпрэтацыі паважанага аўтара яна заключаецца ў тым, што партызаны, якія прыходзілі за бланкамі пашпартоў да Парабковіча, вяртаючыся назад у лес, у раёне вул. Дымкі днём былі аклікнуты нямецкім патрулём, але не выканалі яго загад і не спыніліся. Па гэтай прычыне разведчыкі былі немцамі абстраляны і, каб лягчэй было уцякаць, скінулі свае даўгаполыя паліто. У іх кішэнях немцы знайшлі бланкі дакументаў з подпісам Парабковіча. У сувязі з гэтым ён і быў арыштаваны. А вось гісторыя, якую мне некалі расказала (зараз нябожчыца) Марыя Ян-Зянонаўна Гофман: “Гэта было зімой, здаецца, у канцы 1943-га года. Барыс Качан і Мікалай Капшай, якія днём прыходзілі ў горад Барысаў па сваіх партызанскіх справах, не рызыкнулі пакідаць яго пакуль не сцямнее. Па гэтай прычыне яны рашылі перачакаць да вечара ў сваіх знаёмых Казыраў у доме №3, які знаходзіўся па вул. Батарэйнай. Гаспадыня дома накарміла партызан, нават наліла ім па шклянцы самагонкі, а потым дала ім магчымасць перад далёкай дарогай крыху паспаць. Калі ўжо добра сцямнела, а хлопцы яшчэ спалі, у дзверы дома нехта моцна пастукаў. Гэта быў адзін з нямецкіх салдат, якія жылі ў казарме, размешчанай на месцы сучаснага супрацьсухотнага дыспансера, і час ад часу заходзілі да дзяўчат Казыраў у госці. Гаспадыня разбудзіла разведчыкаў і растлумачыла ім сітуацыю. Двое дарослых дзяўчат (дачка і нявестка Казыраў), Барыс Качан і Мікалай Капшай селі за стол і як быццам пачалі выпіваць і гуляць у карты, бо іншага нічога за такі кароткі тэрмін яны не паспелі прыдумаць. Тым часам гаспадыня ўпусціла немца ў дом. Убачыўшы ў доме двух незнаёмых мужчын падазронага выгляду, апошні пачаў распытваць, хто яны, адкуль, ці ёсць дакументы і г. д. А калі зразумеў, што тут не ўсё ў парадку, зрабіў спробу затрымаць партызан. Гэта каштавала яму жыцця. Труп забітага нажом немца “змоўшчыкі” пакуль што рашылі схаваць у склепе пад падлогай хаты. Але ні партызаны, ні гаспадары не ўлічылі таго, што на вуліцы, каля брамы дома, застаўся яшчэ адзін немец. Сябра забітага разведчыкамі немца, які чакаў яго на марозе, нарэшце страціў цярпенне, а можа, нарэшце зразумеў, што з яго саслужыўцам штосьці здарылася, і таксама зайшоў у дом. Гэта здарылася якраз у той момант, калі хлопцы і дзяўчаты хавалі ў склепе цела забітага Барысам Качаном немца, забыўшы закрыць дзверы на клямку. Убачыўшы гэтую карціну, сябра забітага немца разгубіўся, нават забыўся пра сваю зброю, нема закрычаў і кінуўся наўцёкі. Хлопцы, паўапранутыя, таксама выскачылі з дому амаль ўслед за немцам, каб дагнаць і забіць яго. Але на дапамогу салдату прыйшлі яго сябры, якія жылі ў казарме амаль насупраць дома Казыраў. Яны і паднялі адчайную страляніну. У гэтых умовах у хлопцаў не было ні хвіліны часу нават на разважанні, а не тое што каб вярнуцца і адзець свае паліто. Па гэтай прычыне апошнія так і засталіся ў хаце Казыраў, бо на вуліцы Качан і Капшай адразу ж уступілі ў перастрэлку з немцамі і ім ужо было не да сваёй вопраткі (дарэчы, браць з сабой зброю на заданне і, тым больш, уступаць у бой з праціўнікам агентурным разведчыкам забаранялася катэгарычна, але і Качан, і Капшай, і Барауля, і ўсе іншыя пастаянна парушалі гэта правіла – В.Р.). Спрабуючы уцячы, хлопцы, па дамоўленасці, кінуліся ў розныя бакі: Капшай у бок “Батарэй”, а Качан да суседняга дома №1, які быў пабудаваны на тым жа пляцы, што і дом №3. У гэтым доме жылі блізкія родзічы Казыраў Гайсёнкі. Сенцы дома на бяду іх гаспадароў былі адчыненыя. Уварваўшыся туды, Барыс Качан схапіў з вешалкі першую папаўшуюся яму пад рукі світку, напяліў яе на сябе і знік у невядомым напрамку. Немцы, прачосваючы вуліцу, зразумела, зайшлі ў дом да Казыраў і адразу ж зрабілі там старанны вобыск. У склепе пад падлогай знайшлі забітага немца, а на вешалцы ў першай палове хаты абодва паліто, Барыса Качана і Мікалая Капшая. У гэтай сітуацыі немцам усё было ясна без слоў, таму сям’ю Казыраў арыштавалі ў той жа момант і кінулі ў турму. Хутка там жа аказаліся і Гайсёнкі, бо, уцякаючы ад немцаў, Барыс Качан вымушаны быў развітацца і з той вопраткай, якую ён сцягнуў з іх сенцаў – яна перашкаджала бегчы хутчэй. У кішэні гэтай світкі, у якой яе гаспадар звычайна хадзіў на работу, немцамі быў знойдзены яго рабочы пропуск на завод. Звязаўшы ўсе гэтыя акалічнасці ў адно цэлае, гітлераўцы і Казыраў, і Гайсёнкаў, як мяркуемых памагатых партызан, усіх да аднаго, фактычна, за чужую віну расстралялі”. Да гэтага я хачу дадаць, што імёны ўсіх гэтых бязвінна загінуўшых людзей ёсць на старонках 389-й і 393-й вядомай кнігі “Памяць”. Зараз ужо цяжка разабрацца, што ў гэтай гісторыі праўда, а што вымысел, бо ўсе сведкі тых падзей даўно памерлі. Да ўсяго сказанага вышэй я хачу дадаць толькі наступнае: як стала мне вядома таксама ад Марыі Янаўны (Іванаўны), “бежанка са Смаленска”, якая пражывала ў вайну на кватэры ў Гайсёнкаў, немцамі чамусьці не была арыштавана. Можа таму, што яе ў свой час “падсялялі” да Гайсёнкаў самі немцы і яна, удзячная ім, расказала пра тое, што чула ці бачыла ноччу ў двары?.. Можа гэта было і не так, але менавіта яна, як адзіная “наследніца”, пасля расстрэлу яго гаспадароў, засталася жыць у гэтым невялічкім, утульным доме. Пасля вайны, калі знайшліся сапраўдныя наследнікі Гайсёнкаў, “бежанку са Смаленска” з гэтага дома мясцовыя ўлады выселілі некуды на вуліцу Арджанікідзе. Дарэчы, не вельмі далёкія родзічы Гайсёнкаў і Казыраў да гэтага часу пражываюць па таму ж адрасу і добра памятаюць гэтую гісторыю, якую чулі ад сваіх блізкіх, а тыя ад суседзяў і сведкаў гэтых падзей. Зразумела, што арышт Пятра Фаміча не меў ніякіх адносінаў да таго, што здарылася з Казырамі і Гайсёнкамі, бо адбыўся некалькі пазней (як сцвярджае Ржэуцкая, у адзін дзень з арыштам Федарынчыка, г.зн. 23 студзеня 1944 года ў 23 гадзіны). Але добра вядома, што бургамістра немцы кінулі ў турму іменна ў сувязі з тым, што ў рукі гестапа нейкім чынам трапілі “чыстыя” бланкі дакументаў з яго подпісам і пячаццю ўправы. Зараз дзіўна, але сям’ю бургамістра, Варвару Глазунову і іх дзяцей, гестапаўцы чамусьці не кранулі і пальцам. У час вобыску ў доме Парабковіча як быццам знайшлі вялікую суму фальшывых нямецкіх грошай, многа золата і ювелірных вырабаў (але гэта недакладна). Вядома, што былы бургамістр горада Барысава П.Ф.Парабковіч сядзеў у Барысаўскай турме. Як ён вёў сябе на следстве, што з ім адбывалася на працягу цэлых двух месяцаў, мы, на жаль, ужо ніколі не даведаемся. Можна толькі выказаць дапушчэнне, што магчыма, каб выратаваць ад смерці сваю сям’ю, на следстве Парабковіч усё ўзяў на сябе. Парабковіча расстралялі толькі 24 сакавіка 1944 года. Ужо вядомы чытачам былы партызан Барауля неяк у прыватнай размове выказваў думку, што можа з дапамогай Парабковіча гестапа спрабавала за гэты час (два месяцы) нейкім чынам наладзіць сваю “разведгульню” з партызанамі? Калі ж з гэтага нічога не атрымалася, былога бургамістра знішчылі. Але гэта толькі домыслы... Мне здаецца, што ні Парабковіч, ні Федарынчык падпольшчыкамі (у тым сэнсе, як гэта разумела гестапа) не былі!, бо тады б знішчылі і іх сем’і. Але некаторыя не зусім сумленныя людзі ў свой час спрабавалі даказаць адваротнае... Праўда ці не, але былы партызанскі разведчык Барауля заўсёды быў упэўнены, што і Парабковіча, і Федарынчыка немцы, хутчэй за ўсё, знішчылі не за сувязь з партызанамі, а за злоўжыванне службовым становішчам, якое выразілася ў перадачы імі выпадковым людзям, якія аказаліся “бандытамі”, бланкаў дакументаў строгага ўліку.

А зараз я паспрабую растлумачыць, у чым заключаліся абавязкі начальніка горада Барысава ці раёна, карацей кажучы, бургамістра, каб чытачы нарэшце маглі зразумець, чаму Парабковіч быў, па словах Л.Карнілава, “не надта жорсткім і не вельмі гуманным”. Канкрэтная праца бургамістра, а таксама яго намесніка, заключалася ў ахове “новага нямецкага парадку” і патрабавала ад іх абодвух штодзённай, нястомнай, бесперапыннай барацьбы з сабатажнікамі, падпольшчыкамі, камуністамі, яўрэямі, партызанамі, што і дапускала вядомую долю жорсткасці, аж да расстрэлу ўключна, у адносінах да тых, хто гэты парадак парушаў ці не хацеў захоўваць. У гэтай сувязі да разгляду бургамістраў і іх памочнікаў, якім непасрэдна падпарадкоўваліся ўсе паліцэйскія сілы горада і раёна, пападала частка крымінальных, а таксама ўсе адміністрацыйныя справы, якія вялі следчыя органы службы аховы парадку, гэта значыць паліцыя бяспекі Эгава, у першую чаргу, у частцы нанясення злаўмыснікамі матэрыяльнага ўрону нямецкім акупацыйным уладам. Але на стол бургамістраў трапляла і частка спраў, звязаных з дзейнасцю лютых ворагаў трэцяга рэйха – партызан і падпольшчыкаў. І каб пакараць іх, абавязкова неабходна была рэзалюцыя бургамістра ці начальніка горада (раёна). Чамусьці ў кнізе “Памяць” Ж.Гілевіч у раздзеле: “Рэжым Станкевіча” называе гэты рэжым “злачынным”, а самаго Станкевіча “забойцам”, хоць ён нікога, ніколі не забіваў. Пры гэтым яна падрабязна апісвае, чым займаўся начальнік раёна на гэтай пасадзе. Трэба ўдакладніць тое, што аўтар “Памяці” адносіць (на стар. 400) да падпольшчыкаў і П.Ф.Парабковіча – фактычнага пераемніка Ст. Станкевіча на пасадзе бургамістра Барысаўскага раёна. Паважаны аўтар “Памяці” як быццам не разумее таго, што Парабковіч на гэтай пасадзе рабіў тое ж самае (і нават больш злачыннае), чым Станкевіч, бо дзейнасць яго ў якасці бургамістра ў г.Барысаве і раёне прыпадае якраз на перыяд найбольш жорсткага супрацьстаяння акупантаў і народных мсціўцаў. Дарэчы, непасрэдна пры бургамістру ў Барысаўскай управе існавала пасада міравога суддзі, або загадчыка міравымі судамі, якія адміністрацыйна каралі ўсіх тых, хто “не цяжка” парушаў новы нямецкі парадак (нейкі час імі загадваў будучы бургамістр раёна Іван Лашчэўскі). І слова бургамістра ў гэтым судзе, як вы разумееце, было не апошнім. Але гэта былі яшчэ кветачкі... Прамым абавязкам бургамістра была арганізацыя службы аховы парадку (паліцыі), падбор і расстаноўка кадраў у ёй, у аддзелах управы і ў іншых установах нямецкай улады. На раёне гэта былі валасныя ўправы і апорныя пункты аховы парадку, г. зн. паліцэйскія гарнізоны, якія патрэбна было забяспечыць усім неабходным: зброяй, харчаваннем, паліцэйскімі кадрамі, якім к таму ж своечасова трэба было выдаць зарплату. Чым, дарэчы, непасрэдна і займаўся Парабковіч з 1 мая па 5 верасня 1942 года будучы намеснікам Станкевіча. У архівах Беларусі дасюль існуе шырокая перапіска паміж бургамістрамі валасцей (старастамі) і начальнікамі Барысаўскага раёна і горада, якім падпарадкоўваліся ўсе службы і аддзелы, сфарміраваныя з жыхароў акупіраваных тэрыторый (у тым ліку паліцыя бяспекі Д.Д.Эгава, якая па сваёй жорсткасці ў адносінах да партызан і мірнага насельніцтва раёна магла б нават даць фору аддзелам гестапа і СД г.Барысава). Бургамістру непасрэдна падпарадкоўваліся Барысаўская турма, кварткамы, акалодачныя надзіральнікі, паліцыя, стражнікі “самааховы” (на раёне), старасты валасцей і г. д. Найбольш небяспечных асоб з ліку сабатажнікаў, дыверсантаў, партызан і падпольшчыкаў, а таксама былых савецкіх ваеннаслужачых і “не раскаяўшыхся” камуністаў бургамістр заўсёды перадаваў для “работы” з імі ў гестапа (тэхнічным сакратаром там працавала нехта Чарнуха, якая да вайны была сакратаркай у Барысаўскай міліцыі), ГФП, СД, ОРТСкамендатуру (сакратаром у ёй працавала Вольга Карнюшка, якая была расстраляна немцамі) і іншыя карныя органы нямецкай улады. Як мы ўсе ведаем – на смерць, бо жывым адтуль амаль ніхто не выходзіў. Можа, хто з маіх апанентаў валодае іншымі звесткамі і яму вядомы камуністы і падпольшчыкі, якіх гестапаўцы “адпусцілі” на волю, паверыўшы іх расказам? Тады вялікая просьба назваць іх прозвішчы... А я дабаўлю яшчэ наступнае: з гестапа можна было выйсці жывым, але даўшы падпіску пра супрацоўніцтва з ім, г.зн., хоць і фармальна, стаўшы яго агентам.

А зараз мы з вамі вернемся крыху назад, к таму моманту, калі Парабковіч толькі пачынаў службу ў нямецкай управе... Каб зразумець, як гэта адбывалася, я пазнаёмлю чытачоў з даволі падрабязнымі ўспамінамі яшчэ аднаго “падпольшчыка” Мікалая Іванавіча Прырыза. Вось што пішуць пра яго тыя, хто складаў спісы Барысаўскага падполля: “...1910 г. н., украінец, б/п, да ВАВ працаваў на санэпідэмстанцыі. З ліпеня 1941 года па жнівень 1943-га актыўны ўдзельнік падполля. З верасня 1941 года праводзіў вялікую працу па заданню Яраша, распаўсюджваў падпольную літаратуру ў горадзе, аказваў дапамогу партызанам харчаваннем, узбраеннем, баепрыпасамі, разведданнымі, выводзіў з горада савецкіх патрыётаў у партызаны. З жніўня 1943 года ў партызанскім атрадзе, працягваў сувязь з падпольшчыкамі горада...”

Я пакуль што ўстрымаюся ад каментарыю гэтай лухты і адразу перайду да успамінаў Прырыза. Вось што ён піша пра сабе сам: “...1910 г. н., уражэнец Днепрапятроўскай вобласці, руднік “Трэд”. У 1941 годзе за пакупку бочкі бензіну для санэпідэмстанцыі г. Барысава (там ён працаваў шафёрам) мяне ў студзені месяцы асудзілі на два гады і адправілі ў сяло Міханавічы Менскай вобласці для будаўніцтва аэрадрома. З 22-а на 23-е чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты бамбілі гэты лагер зняволеных і аэрадром...” Думаю, што пад час бамбёжкі лагера і аэрадрома Прырыз і збег з-пад варты, хаця і піша тут, што яго вызваліла адміністрацыя “са спраўкай” (ёсць звесткі, што папраўча-працоўны лагер зняволеных у Міханавічах, як і некаторыя іншыя месцы пазбаўлення волі, быў у самым пачатку вайны разбомблены немцамі, частка зэкаў загінула, а другую частку ахоўнікі расстралялі, нікога з гэтага лагера на свабоду з даведкамі, як і іншых зняволеных з усіх ППЛ СССР, не адпускалі, бо быў сакрэтны загад Берыі: пры немагчымасці ахоўвання ці канваіравання зэкаў, іх неабходна было знішчыць, незалежна ад таго, на які тэрмін яны былі асуджаны, бо НКУСаўцы, у адрозненне ад нас, разумелі, што хутчэй за ўсё былыя зэкі паспрабуюць адпомсціць савецкай уладзе, якая іх зняволіла, і пойдуць на службу к немцам). Так што з турмы Прырыза вызваліла не адміністрацыя лагера, а немцы (дакладней, іх самалёты). Пасля уцёкаў з лагера Прырыз адразу прыбыў у Барысаў, у дом №11 па вул. Батарэйнай, гаспадарыняй якога тады была Карнюшка, там жа жыла і Т.М.Баранава. Там ён і пражываў да арышту за крадзёж бензіну. Але не для эпідэмстанцыі, як ён піша, а ў эпідэмстанцыі, для сябе – на продаж. І атрымаў ён за гэта не два гады, а не менш дзесяці, бо тады знакамітыя “тройкі” за жменю калгасных каласкоў давалі віноўным у крадзяжы іх не менш трох гадоў пазбаўлення волі.

Нельга без смеху чытаць яго далейшыя “байкі” пра тое, як ён арганізоўваў “па заданню Яраша”, хоць ніколі ў вочы яго не бачыў, Барысаўскае падполле, якога (у арганізаванай форме) ні ў 1941-м, ні да сярэдзіны 1942-га наогул не было!.. Але няхай гэтая хлусня застанецца на сумленні яго аўтара, мяне ж цікавіць тут зусім іншае – у чым заключалася сувязь паважанага “падпольшчыка” Прырыза і бургамістра Парабковіча? Аказваецца, гэта яны абое, пад непасрэдным кіраўніцтвам “Яраша А.П.” (так у арыгінале ўспамінаў Прырыза) яшчэ ў пачатку ліпеня 1941 года, але не пазней 10 чысла, узарвалі Барысаўскую нафтабазу?!. “...У гэтай аперацыі удзельнічалі П.Ф.Парабковіч, Д.Яшчанка, І.Даўгалаў і я, – піша у сваіх успамінах Прырыз. – Гэтай аперацыяй непасрэдна кіраваў тав. Яраш”. Мной дакладна ўстаноўлена, што Яраш Іван Афанасьевіч да 19 ліпеня знаходзіўся далёка ад Барысава і фізічна не мог прысутнічаць на гэтай “аперацыі”, не гаворачы ўжо пра тое, каб нейкім чынам “кіраваць” ёй.

А вось яшчэ даволі цікавыя звесткі з “успамінаў”, якія даюць уяўленне пра тое, як “падпольшчыкі” пранікалі ў варожае асяроддзе: “У канцы жніўня 1941 года прыбылі для арганізацыі гарадской і раённай управы Станкевіч, Наронскі, Данілевіч, пасланыя з Берліна ў Мінск, прыбыў з імі Ермачонак, які з адной вёскі з Даўгалавым. Гэты здраднік Радзімы звязаў са Станкевічам Даўгалава. Станкевіч быў запрошаны са сваёй світай на кубак чаю, дзе прысутнічалі на гэтай п’янцы Ігумноў, Б.К.Замбржыцкі, я, Станкевіч, Наронскі, Данілевіч і іншыя. У гэты час падполле ўжо дзейнічала ў горадзе Барысаве”. І далей: “..на праходзячай п’янцы Станкевіч прасіў, каб (прысутныя дапамаглі яму, – В. Р.) з мясцовых жыхароў падшукаць надзейных людзей для працы ва ўправу горада і раёна”. Прачытаўшы гэтую “шчырасць” і вышэйузгаданыя прозвішчы, я злавіў сябе на думцы, што на “п’янцы”, арганізаванай тады Прырызам, былі амаль усе члены Барысаўскага “партыйна-патрыятычнага падполля”, не хапала толькі яго кіраўніка І.А.Яраша, і то, мабыць, толькі таму, што яго своечасова не папярэдзілі пра гэту “сходку”, хаця якраз у гэты час ён знаходзіўся дзесьці ў раёне вёскі Пупелічы. Але ж Прырызу відней было тады, каго запрашаць у госці да Даўгалава, а каго не?.. Што ні кажы, але менавіта на “гэтай п’янцы”, паводле ўспамінаў Прырыза, удалося ўладкавацца на працу ва ўправу Парабковічу, Лашчэўскаму, Яшчанку і Замбржыцкаму, Лазоўскаму на шклозавод, Вользе Карнюшка ў ОРТСкамендатуру, Вусьціну ў медустанову, а самаму Прырызу на санэпідэмстанцыю. “Па распараджэнню управы арганізавалася санэпідэмстанцыя, галоўным урачом яе была прызначана Екацярына Сяляўская. Мяне ўладкавалі яе памочнікам”, – піша ў сваіх успамінах “падпольшчык” Прырыз, які тады не меў нават сярэдняй адукацыі, а не тое, што медыцынскай. Тут жа ён адразу стаў “памочнікам”, чытай, намеснікам галоўнага ўрача СЭС. А.Т.Пушкіна, якая ў далейшым была быццам бы “сувязной” Прырыза, была ўладкавана на працу лабаранткай СЭС (І.Е.Сяляўская, і А.Пушкіна былі арыштаваны гестапа амаль адразу ж пасля ўцёкаў у лес “падпольшчыка” М.І.Прырыза. Далейшы лёс Сяляўскай Екацярыны мне невядомы, а вось Ганну Пушкіну немцы расстралялі).

Я мог бы прапанаваць чытачам яшчэ многа “шчырасцей ад Прырыза” ды ўжо дужа суб’ектыўныя многія з іх. Але вось гэтую я прывяду абавязкова. Справа тут пойдзе пра тое, як Прырыз у пачатку снежня 1941 года ездзіў у калгас “Запупелічы”, дзе быццам бы, сустракаўся з Ярашам – камандзірам партызанскага атрада №28. Так, у пачатку снежня 1941 года І.А.Яраш сапраўды толькі што вярнуўся з раёна Лукомскага возера ў раён вёскі Пупелічы, дзе і знаходзіўся на сваёй старой базе ў лесе, прыкладна за 2 км ад вёскі. У сваіх успамінах Прырыз піша: “Адтуль я прывёз 15 гусей і авёс, яшчэ тав. Яраш перадаў прывет усім патрыётам нашай Радзімы”. Ці няпраўда, ствараецца думка, што ў лесе пад Пупелічамі партызанская група №28 на чале з Ярашам займалася толькі гусямі (ці то іх разводзілі, ці толькі елі?!). Што ж робіць Прырыз далей з гусямі, якіх прывёз ледзьве не ад самаго Яраша? “Гусі былі перавезены, і я запрасіў на выпіўку (зноў п’янка?! – В.Р.). У гасцях былі Наронскі, глаўурач СЭС Сяляўская і Парабковіч, Замбржыцкі і іншыя. Наронскі быў больш дальнабачны, чым Станкевіч, і менш піў, чым Станкевіч, пагэтаму мы яго больш прыбіралі к рукам”. Гэта ўвесь вынік “п’янкі”: з’елі 15 гусей, адпачылі як мае быць, “прыбралі к рукам” Наронскага, які на самой справе быў лютым ворагам партызан і падпольшчыкаў, да таго ж мала піў, што гаворыць на яго карысць, а не супраць – і ўсё... (У мяне, напрыклад, складваецца ўражанне, што ў Прырыза былі нейкія “свае” кропкі сутыкнення з верным халуём гітлераўцаў Наронскім, раз апошні з’яўляецца нязменным удзельнікам п’яных оргій, якія арганізоўваў Прырыз... І гэтак далей, да бясконцасці, кіруючыся яго ўспамінамі, можна расказваць, як “падпольшчык” Прырыз, напрыклад, сужыцельстваваў з нейкай Надзеяй Грыгаровіч (з Крупскага раёна), якая ў акупацыю працавала ў нямецкім шпіталі, піў гарэлку, еў гусей і каўбасу з памагатымі немцаў Станкевічам, Наронскім, Данілевічам, Эгавым, Кабаковым, Кавалеўскім і ўсімі іншымі, не забываючыся пра справу барацьбы... супраць іх!

Ва ўспамінах Прырыза эклектычна перамяшаліся хлусня і праўда пра акупацыю, падполле і яго асабістае жыццё ў гэтых умовах, а таксама пра лёс некаторых людзей, якіх ён, адчуваецца, добра ведаў (зразумела, за выключэннем Івана Афанасьевіча Яраша, бо ён нават не мае ўяўлення, як яго імя і імя па бацьку). Але гэтыя ўспаміны ніяк не могуць праліць свет праўды на гісторыю Барысаўскага супраціўлення акупацыі, таму што ў адносінах да дзейнасці барысаўскага падполля яны Прырызам натуральна “высмактаны з пальца”. Магчыма, Прырыз штосьці і рабіў, як і некаторыя іншыя, у гэтым напрамку, але гэта растлумачвалася і дыктавалася, у першую чаргу, яго асабістымі інтарэсамі, а не інтарэсамі барацьбы супраць акупантаў і іх прыслужнікаў. Нават з яго наскрозь ілжывых успамінаў можна зрабіць выснову, што ён сам, хутчэй за ўсё, да уцёкаў у лес, быў актыўным памагатым акупантаў. Пра прычыну, якая прымусіла яго кінуць і добрую “хлебную”, дакладней, “гусіную”, багатую спіртам (ён атрымліваў яго з Менска 200-літровымі бочкамі) пасаду намесніка галоўнага ўрача санэпідэмстанцыі, я паспрабую расказаць некалькі ніжэй.

У біяграфіі “падпольшчыка” Прырыза ёсць яшчэ адзін цікавы момант: у лютым 1942 года ён быццам бы ад імя Замбржыцкага быў накіраваны ў якасці фельчара ў Барысаўскую турму, дзе яшчэ не так даўно, у канцы 1940-га – пачатку 1941-га гадоў, на працягу амаль паўгода ён сам утрымліваўся ў якасці падследнага. Прырыз піша, што начальнікам яе ў той час быў нехта Кішкурна. Трэба адразу агаварыцца, што паколькі турма ўваходзіла ў склад паліцыі бяспекі, прызначэннямі і зменамі штатнага раскладу ў ёй ведаў яе начальнік Д.Д.Эгаў. Па гэтай прычыне выпадковага чалавека ў турму, дзе знаходзіліся люцейшыя ворагі рэйха, ён дапусціць проста так не мог. Не мог Прырыз туды трапіць і па рэкамендацыі Замбржыцкага, бо апошні стаў загадчыкам здраўаддзелам управы толькі 10 красавіка 1942 года. Тут мы бачым яўную хлусню паважанага “падпольшчыка”. Але ж навошта яна яму была? – Можа, я і памыляюся, але падпольная маладзёжная арганізацыя, якой кіраваў Барыс Качан, і ў якой непасрэдны ўдзел прыймалі Артур Ржэвуцкі, Мікалай Галкоўскі, Мікалай Капшай, Іван Барауля і некаторыя іншыя, за актыўнае супрацоўніцтва з акупантамі яшчэ ў пачатку 1942 года “прыгаварыла” да пакарання смерцю так званага “падпольшчыка” Прырыза. У сувязі з гэтым (хоць гэта і дзяцінства) ён нават быў імі загадзя пісьмова папярэджаны. Шукаючы паратунку ад немінуемай гібелі, Прырыз схаваўся ў турме ў якасці “фельчара”, хаця ніякай медыцынскай адукацыі ён ніколі не меў. На пасаду “фельчара” яго мог рэкамендаваць Кішкурну і Эгаву толькі сам начальнік раёна Станкевіч. З усімі гэтымі людзьмі Прырыз, як вядома з яго ўспамінаў, знаходзіўся ў вельмі добрых сяброўскіх адносінах, бо пастаянна піў з імі гарэлку. Напрыклад, восенню 1941 г., калі Прырыз трапіў у гестапа і яму (з яго слоў) гразіў расстрэл, Станкевіч выратаваў яго ад смерці, замовіўшы сваё слова. Калі вы ўважліва чыталі гэты матэрыял, то крыху вышэй павінны былі звярнуць увагу на маё меркаванне аб тым, у якім выпадку з гестапа можна было выйсці жывым (дарэчы, з успамінаў урача Вусьціна, які уцякаў у лес разам з Прырызам, вынікае, што ён сам аж двойчы выходзіў з гестапа цэлым і непашкоджаным, як і “падпольшчык” Прырыз. Але ж можа Прырызу і Вусціну проста пашанцавала?..). Дык вось, калі быць дакладным, то самым першым загадчыкам аддзела “Здароўя” ўправы быў нехта Піркеўскі, другім па чарзе стаў Цэркевіч. Яшчэ восенню 1941 года Прырыз і яго сябры (гэта добра бачна з успамінаў Прырыза) Парабковіч і Лашчэўскі дабіваліся ў начальніка горада і раёна Станкевіча прызначыць менавіта Прырыза на пасаду загадчыка санэпідэмстанцыяй, але з гэтага нічога не выйшла – прызначылі Сяляўскую Екацярыну, бо Прырыза (як “бандыта”) раз ужо затрымлівала гестапа. Б.К.Замбржыцкі таксама не прызначыў Прырыза на гэту пасаду, калі прыйшоў на месца Цэркевіча ў аддзел “Здароўя” ўправы. Не прызначыла Прырыза і доктар Леаніда Тамашэвіч, якая змяніла 01.11.1942 года Б.К.Замбржыцкага на гэтым пасту. Яна прыйшла працаваць ва ўправу з пасады загадчыцы 1-й гарадской бальніцай. Сакратаром аддзела “Здароўя” ўправы была нейкі час Пушкіна Ганна Тарасаўна. Спачатку загадчыкам бальніцы быў Пількевіч, якога зняў з гэтай пасады сваім загадам ад 25 красавіка 1942 года бургамістр горада Фёдар Ярэміч, як не апраўдаўшага даверу немцаў. На кароткі час загадчыкам бальніцы стаў Старжынскі Яўген Фёдаравіч, а пасля яго прыйшла Леаніда Тамашэвіч. Намеснікам загздраўаддзела ўправы Замбржыцкага нейкі час (да верасня 1942 года) працаваў урач Паукштэль Барыс. На працу ў гарадскую управу інспектарам ён быў прыняты яшчэ 20 мая 1942 года (да яго гэта месца займала нейкая Марыля Несцерава). Барыса Паукштэля ў сваіх успамінах добра вядомы мне Леў Давыдавіч Гроздзенскі называе ўдзельнікам барысаўскага “падполля медыкаў”, якое быццам бы існавала ў “цывільнай бальніцы”, дзе ён пазней і працаваў урачом. На месца Паукштэля намеснікам да Замбржыцкага быў прызначаны ўрач Акульчык Мікалай, які нейкі час (з яго слоў) у акупацыю таксама працаваў гінеколагам у паліклініцы г. Барысава, а пасля вызвалення быў урачом абласной туббальніцы, зараз пахаваны на могілках г.Барысава. У свой час, як сведчыць дакумент, Паукштэль быў вызвалены ад пасады намесніка загздраўаддзела “ў сувязі з неўрозам і парокам сэрца”. Праўда, хутка і сам Замбржыцкі 29.10.1942 года ў сувязі з “міакардытам і поліартрытам” пакінуў пасаду загздраўаддзела ўправы і перайшоў на працу ў скурвендыспансер (СВД) загадчыкам. ...Толькі ў чэрвені 1943 года, калі небяспека для Прырыза быццам бы мінавала (маладзежная падпольная група к таму часу ў поўным складзе пайшла ў партызаны), ён з турмы пераходзіць на працу ў Барысаўскі СВД да Замбржыцкага, то, я думаю, не па сваёй ініцыятыве...

Звесткі пра тое, што Прырыз “хаваўся” ад падпольшчыкаў у турме, атрыманы мной ад партызана Бараулі. Ён жа расказаў мне яшчэ і гісторыю пра тое, як яны “прыгаварылі да смерці” загадчыка гаспадаркай “цывільнай бальніцы” А.С.Малевіча. Да вайны ён працаваў бухгалтарам і быў судзімы за растрату дзяржаўных грошай. У гэтай сувязі Малевіч люта ненавідзеў савецкую ўладу, камуністаў і яўрэяў. Дарэчы, ён не лічыў патрэбным гэта ад каго-небудзь хаваць і ўвесь час кляў іх на чым свет стаіць... Барауля гэта чуў сваімі вушамі. Дома ў Малевіча былі вялікія запасы прадуктаў харчавання, але ён ні з кім імі не дзяліўся і з партызанамі ніякай сувязі не падтрымліваў. У той час Барауля працаваў кладаўшчыком у “цывільнай бальніцы” (па заданню партызан брыгады “Дзядзькі Колі”, якім вельмі патрэбна была соль) і знаходзіўся ў службовай залежнасці ад Малевіча. Малевіч адразу адмовіўся дапамагчы Бараулю соллю, хаця яна на складзе ў Малевіча была. Гэтую соль у канцы 1942 года дазволіў выдаць са склада Бараулю І. Н., з дазволу загздраўаддзелам управы Замбржыцкага, па падробленых дакументах Я.Ф.Старжынскі, які працаваў галоўным урачом “цывільнай бальніцы” з 27 сакавіка 1942 года. Аднойчы ў размове са мной І.Н.Барауля паведаміў, што Малевіч пры выдачы солі сказаў, што Старжынскі за гэта адкажа... Сапраўды, тыдні цераз два пасля выдачы солі Бараулю са склада, Старжынскага арыштавала гестапа. Пасля гэтага здарэння група Качана-Галкоўскага, да ведама якой усё давёў Барауля, арганізавала (у пачатку 1943 года) замах на жыццё мяркуемага здрадніка Малевіча, але апошняму ўдалося нейкім чынам выратавацца. На нейкі час, як лічыць Барауля, ён “схаваўся” ад помсты партызан у турме, у свайго сябра – “падпольшчыка” Прырыза, дзе як быццам таксама працаваў загадчыкам гаспадаркі, а пазней, з ім жа ў жніўні 1943 года ўцёк у лес, у атрад імя Дзяржынскага брыгады “Дзядзькі Колі”. Пасля вайны А.С.Малевіч, зразумела, быў зарэгістраваны як удзельнік партызанскага руху ў Беларусі, але не гэта, лічыць Барауля, выратавала яго ад неабходнасці даваць адказы на пытанні органаў НКУС у сувязі з яго працай на немцаў на працягу цэлых двух гадоў спачатку ў “цывільнай бальніцы”, дзе лячыліся, у асноўным, паліцаі і калабарацыяністы, а пазней і ў барысаўскай турме, – а тое, што ён стаў зяцем 1-а сакратара Барысаўскага гаркама партыі М.П.Пакроўскага.

Пасля вайны А.Н.Малевіч зрабіў добрую кар’еру – працаваў галоўным бухгалтарам СУ-45 будтрэста №10 г. Гомеля). К таму ж, шкадуе Барауля, асноўныя сведкі, якія маглі б пацвердзіць многае з таго, што адбывалася ў вайну, Барыс Качан і Артур Ржэуцкі загінулі ў партызанах, а тыя, хто застаўся ў жывых, не хацелі (ці баяліся?) звязвацца з Малевічам, які стаў блізкай раднёй вельмі заслужанага чалавека.

Самаго І.Н.Бараулі да 1949 года ў Барысаве не было, а калі ён сюды зноў вярнуўся, абставіны часу вельмі-вельмі змяніліся... Усё гэта мне расказаў былы партызан Барауля, які к таму часу напісаў падрабязнейшыя ўспаміны пра Барысаўскае падполле і партызаншчыну (з імі мне нават пашчасціла азнаёміцца). З гэтых успамінаў я зразумеў, што М.І.Прырыз і ўрач “цывільнай бальніцы” П.М.Вусьцін, якія цудам выйшлі з гестапа жывымі, уцяклі ў лес амаль адразу ж пасля таго, як немцы, магчыма, пачалі патрабаваць ад іх, у якасці падзякі за “волю”, нейкіх актыўных дзеянняў, звязаных з забеспячэннем іх інфармацыяй пра барысаўскае падполле, пра якое ні Прырыз, ні Вусьцін (на шчасце!) нічога не ведалі, бо не мелі да яго ніякіх адносінаў. К таму ж, шукаць сувязь з падполлем асабіста для Прырыза было вельмі і вельмі небяспечна – сапраўдныя падпольшчыкі ведалі пра яго ўсё, а члены “маладзёжнай” групы Б. Качана ўжо аднойчы нават рабілі спробу яго знішчыць. З другога боку, “маўчанне ягнят” магло быць расцэнена барысаўскім гестапа, як нежаданне супрацоўнічаць з ім, а гэта, вядома, магло скончыцца арыштам уяўных “падпольшчыкаў” і, як мінімум, іх зняволеннем у канцэнтрацыйным лагеры. У гэтай сітуацыі выхад быў адзін: “рубіць усе канцы” з горадам і пачынаць жыццё ў лесе нанава – “з чыстага ліста”. Барауля піша, што і Прырыз, і Вусьцін хутчэй за ўсё спадзяваліся, што можа ім пашанцуе і ніхто ў партызанах ніколі не даведаецца пра тое, што яны рабілі ў акупіраваным немцамі горадзе на працягу двух гадоў. Іначай іх (таксама, як і Старжынскага з жонкай) яшчэ тады, у 1943-м годзе, як мае быць не разабраўшыся, расстралялі б партызаны.

Дарэчы, у кнізе “Памяць” Ж.Гілевіч на старонцы № 402-й ёсць такі запіс: “Старжынскі Яўген Паўлавіч і жонка Сергіенка. Урачы падпольнага шпіталя. Расстраляны з двума дзецьмі ў 1943”. Для мяне асабіста цікава, ці ведае паважаны краязнаўца тое, што дзеці Старжынскага не былі расстраляны, а ён сам і яго жонка загінулі ад рук партызан, як “агенты гестапа”. Так на самой справе і атрымалася – і Прырыз, і Малевіч, і Вусьцін, мабыць, добра зарэкамендавалі сябе ў партызанах, змагаючыся супраць немцаў, і нейкім чынам загладзілі сваю (можа, не такую ўжо і значную) віну перад Радзімай... Тут, карыстаючыся момантам, я хачу растлумачыць тое, што датычыцца магчымай вярбоўкі Прырыза і Вусьціна аддзелам гестапа, пра што я даведаўся, у першую чаргу, з успамінаў саміх гэтых “падпольшчыкаў”, а ўжо потым, дзякуючы размовам з былымі супрацоўнікамі МГБ і КДБ, якія адразу ж пасля вызвалення Беларусі займаліся справамі барысаўскага падполля. – Тады ніякіх дакументальных звестак і таксама фактаў, пацвярджаючых супрацоўніцтва Прырыза і Вусьціна з карнымі органамі гітлераўцаў, знойдзена не было. Таму зараз, падыходзячы да гэтай справы з юрыдычнага боку, мы павінны кіравацца прэзумпцыяй невінаватасці ў адносінах да гэтых людзей.

Адразу ж пасля уцёкаў у лес Прырыза на аўтамашыне 1-й гарбальніцы 2-га верасня 1943 года загадчыка СВД Б.К.Замбржыцкага, які жыў у той час на вуліцы 1-га Мая, разам з сям’ёй арыштавалі гестапаўцы. Праз кароткі час, тады ж, у верасні, немцы расстрэльваюць Браніслава Казіміравіча, яго жонку і траіх дзяцей. Яго брата Іосіфа, слесара завода імя Кірава, разам з жонкай, і іх маці Марыю акупанты вывозяць у Германію. Мабыць, немцы нейкім чынам усе ж дакапаліся, што Замбржыцкі з’яўляўся агентам савецкай разведкі (ён быў завербаваны агентам-“маршрутнікам” Віцебскай аператыўна чэкістскай групы (АЧГ) Праяўкіным яшчэ ў 1942 годзе). У гэтай гісторыі многа няяснага, але нейкая сувязь паміж уцёкамі ў лес Прырыза і арыштам Замбржыцкага барысаўскім аддзелам гестапа праследжваецца, хаця “фельчар” мог і не мець да гэтага прамых адносін, г. зн. нікога не выдаваў. На самой справе Замбржыцкага быццам бы выдаў нейкі шавец па прозвішчу Верамейчык, у якога загадчык СВД шыў вялікую партыю ботаў для партызан. Дастаткова было ўжо таго, што Прырыз, не папярэдзіўшы Замбржыцкага, угнаў у лес машыну СЭС з маёмасцю СВД і 1-й гарбальніцы. Пры гэтым, я ўпэўнены, Прырыз падманам “вырваў” у загадчыка СВД дазвол (гэта магла быць камандзіроўка ці якое-небудзь прадпісанне) на выезд з горада на раён, каб апраўдацца перад немцамі, калі іх спыняць, а потым назад у горад не вярнуўся. За гэта павінен быў несці адказнасць перад акупантамі, у першую чаргу, Замбржыцкі. І Прырыз не мог аб гэтым не здагадвацца. З гэтага вынікае, што ён “падставіў” загадчыка СВД наўмысна.

Магчыма, калі немцам стала ясна што Прырыз уцёк у лес, яны запатрабавалі тлумачэнняў і ад Замбржыцкага як непасрэднага начальніка (ці пасобніка?!) Прырыза. Але факт застаецца фактам: хутка пасля ўцёкаў Прырыза ў лес Замбржыцкага арыштавалі і пасля жорсткіх здзекаў расстралялі разам з сям’ёй у раёне былога палігона. Такім чынам, “дзякуючы” Прырызу, Віцебская АЧГ страціла ў г. Барысаве свайго глыбока заканспірыраванага, каштоўнага агента ў асобе Б.К.Замбржыцкага. Я ўжо не гавару пра тое, што, магчыма, па яго ж віне былі расстраляны і ні ў чым непавінныя людзі, дзеці і жонка Браніслава Казіміравіча.

Пасля ўцёкаў у лес супрацоўнікаў “цывільнай бальніцы” Вусьціна і Малевіча, галоўнага ўрача Старжынскага вызвалі ў гестапа. Але пратрымалі яго там нядоўга і хутка адпусцілі дамоў. Праз некалькі дзён Старжынскі з жонкай, урачом Н.П.Сяргеенка, і двума дзецьмі, таксама ўцёк у лес у брыгаду падпалкоўніка Балана “Разгром”, дзе выпадкова быў выкрыты як “агент гестапа”, і расстраляны партызанамі. Азнаёміўшыся з шэрагам архіўных дакументаў, я прыйшоў да высновы, што ўрач Старжынскі Яўген Фёдаравіч і яго жонка Сяргеенка Надзея Піліпаўна ніколі не былі агентамі гестапа, хаця і былі расстраляны партызанамі быццам бы менавіта за гэта...

В.Раховіч,
навуковы супрацоўнік Барысаўскага аб’яднанага музея

”Гоман Барысаўшчыны” № 11(56)–12(57) за 2003 год і 1(58), 6(63), 8(85) за 2004 год.


© При копировании ссылка на автора обязательна