Магіла класіка

Змітрок Бядуля

Пра Змітрака Бядулю я ўпершыню даведаўся, будучы вучнем першай школы г.Барысава. Мы вывучалі яго аповесць "Салавей", і, памятаю, аўтара гэтага цікавага і глыбокага твора настаўніца Анастасія Фёдараўна Кошкіна называла класікам беларускай літаратуры. Напэўна, гэта сапраўды так, бо відавочна па ўшанаванню памяці Змітрака Бядулі, паэта, празаіка, перакладчыка. Яго іменем названы плошча і вуліца ў Мінску, ёсць музей на яго радзіме ў Лагойскім раёне, у яго гонар выдадзена паштовая марка. Дзесьці чытаў, што вуліца Бядулі ёсць таксама ў казахстанскім горадзе Уральску. Аднак, мабыць, тут памылка: там ёсць вуліца Бяды (вядомага лётчыка-героя), а не Бядулі.

Вуліца Зм. Бядулі ў Мінску

Паштовая марка

Але прычым тут гэты горад, якое ён мае дачыненне да беларускага літаратара? А такое, што там на гарадскіх могілках знаходзіцца магіла класіка. У злавесным 1941 годзе па дарозе да месца эвакуацыі Змітрок Бядуля раптоўна памёр у цягніку. Трагедыя здарылася каля Уральска, дзе яго і пахавалі.

На магіле паставілі сціплы помнік. Даўно гэта было. А як выглядае магіла нашага знакамітага земляка сёння?. Крыўдна і сорамна на яе глядзець. Ніхто за гэтым жалобным месцам не наглядае. Няма ні кветак, ні нават травы. Усё паблекла і пашкоджана, надпісы руйнуюцца, нельга нават правільна прачытаць імя пісьменніка. Ці не здаецца, што гэта ўжо называецца беспамяцтвам, якое ніяк не да твару Беларусі?

Помнік у горадзе Уральску

Надпіс на помніку

І тут узнікае пытанне: чаму за больш, чым за 70 гадоў не змаглі перазахаваць чалавека такой неардынарнай велічыні ў родным краі і сваей дзяржаве, як гэта ў свой час зрабілі з прахам Янкі Купалы, і паставіць дастойны помнік?

Пытанне непрыемнае і таму паглыбляцца ў яго не варта. Тым больш, што вырашыць яго не позна і сёння, аднак пры ўмове, што яго падтрымае ўрад і грамадская думка.

Мне здаецца, што праявіць ініцыятыву і ўзбурыць застылую казённую памяць змагла б газета "Наша ніва", дзе па сутнасці нарадзілася шматгранная творчасць Змітрака Бядулі. Праўда, меркаванне на гэты конт рэдакцыі старэйшай беларускай газеты прадугледзець, зразумела, не магу.

2013 © Аляксандр Розэнблюм

Дадатак

Гэты здымак, які даслала Анастасія Кабанава, зроблены 18 чэрвеня 2017 года. І што змянілася за чатыры гады? Бачым, што нічога. Памёр Максім!..


© При копировании ссылка на автора обязательна